Акцыі ў падтрымку Баразенкі ладзяцца ў Польшчы
А дзявятай раніцы ля ўваходнай брамы Варшаўскага унівэрсытэта студэнты правялі інфармацыйны пікет у падтрымку іх калегі студэнта, які таксама навучаўся ва Ўроцлаве.
Па словах аднаго з арганізатараў акцыі Анатоля Міхнаўца за час правядзеньня акцыі была заўважная цікавасць як студэнтаў, гэтак і мінакоў.
- Людзі ахвотна падыходзілі і бралі ўлёткі. Мы былі са сцягамі бел-чырвона-белымі, адразу ўсе бачылі і падыходзілі, бо ў Варшаве ёсць такая праблема, што людзі неахвотна бяруць нейкую рэкламную інфармацыю на вуліцы, а тут было відаць, што гэта беларусы. Некаторыя нават казалі: “Жыве Беларусь”. Гэтая акцыя вельмі важная – гэта падтрымка, гэта салідарнасьць, якой так нехапае.
На адваротным баку улёткі быў пазначаны адрас Аляксандра Баразенкі ў сьледчым ізалятары і заклік да напісаньня лістоў з падтрымкай студэнта-каліноўца.
Студэнты таксама накіравалі ліст у студэнкае самакіраванне Польшчы з просьбай падтрымаць і распаўсюдзіць інфармацыю пра Аляксандра Баразенку.
У рамках акцыі салідарнасьці са зняволеным студэнтам - каліноўцам падобная акцыя праводзілася ўчора ў Кракаве.
Бліжэйшымі днямі плянуюцца таксама акцыі ў Любліне, Гданьску і Гнезна.