Жонку праваабаронцы выклікаюць у КДБ
Сёння супрацоўнік КДБ патэлефанаваў дадому Аліне Стэфановіч, жонцы праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, і запрасіў на размову.
- Тэлефанаванне раздалося на хатні тэлефон. Мужчына мне не прадставіўся. Сказаў, што з КДБ і запрашае на размову. Пра мэту выкліку я не ведаю. Магчыма, нешта і сказаў бы, але я рэзка перапыніла размову, сказала, што нікуды не пайду і паклала слухаўку. Тады ён ператэлефанаваў яшчэ раз і сказаў, што будзе выклікаць мяне позвай. І гэта ўжо не першы выпадак, падобнае тэлефанаванне было і напрыканцы лета, - паведаміла Аліна Стэфановіч.
Што магло стацца прычынай выкліку, жанчына не ведае. Паводле яе словаў, цікавасць да яе з боку КДБ можа быць выкліканая дзейнасцю яе мужа. Аліна бачыць у гэтым пэўную тэндэнцыю, маючы на ўвазе, што зусім нядаўна, 14 лістапада, ў КДБ выклікалі жонку сустаршыні па стварэнні партыі БХД Віталя Рымашэўчкага Анастасію Чэрнік-Рымашэўскую.
Па словах Анастасіі, кэдэбоўцы, патэлефанаваўшы, таксама не паведамілі, з якой нагоды яе выклікаюць. Пасьля таго, як яна адмовілася ад запрашэння, супрацоўнік КДБ прапанаваў уласна прыехаць да яе на кватэру, прычым увечары, на што атрымаў адмову. Выклік у КДБ жанчына таксама звязвае з дзейнасцю мужа.
Верагодна, такім чынам у КДБ спрабуюць знайсці нейкую дадатковую інфармацыю альбо кампрамат на відных грамадскіх дзеячаў і палітыкаў.