Апазыцыянэр падаў у суд на МЗС
Гомельскі грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора праз суд дамагаецца выкананьня рашэньня Камітэту ААН па правах чалавека на аднаўленьне абласнога грамадзкага аб'яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”.
“Ад імя “Грамадзянскіх ініцыятываў” як намесьнік старшыні арганізацыі, -кажа спадар Кацора, - я зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну Менску са скаргай на дзеяньні Міністэрства замежных спраў. Акурат гэтае міністэрства адказвае за выкананьне міжнародных дамоваў Беларусі. А рашэньне Камітэту ААН зьяўляецца часткаю Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. На маю думку, калі МЗС атрымала наша пісьмо, яно павінна было накіраваць свае прапановы ў Міністэрства юстыцыі альбо ў Гомельскую ўправу юстыцыі, якая займаецца рэгістрацыяй рэгіянальных грамадзкіх арганізацый. Управа юстыцыі мусіць выканаць рашэньне Камітэту ААН”.
Дарэчы, абласная ўправа юстыцыі была ініцыятарам ліквідацыі праз суд “Грамадзянскіх ініцыятываў”. Камітэт ААН, куды зьвярнуліся гомельскія актывісты, прызнаў ліквідацыю аб'яднаньня неабгрунтаванай.
У гэтай сувязі Ўладзімер Кацора й зьвяртаўся ў МЗС, Міністэрства юстыцыі й Канстытуцыйны суд з прапановай выканаць рашэньне Камітэту ААН па правах чалавека. Аднак згаданыя інстанцыі, кожная “ў межах сваёй кампэтэнцыі”, адказалі адмовай. Таму актывіст вымушаны зьвярнуцца ў суд.