viasna on patreon

Журналісты звярнуліся да кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі

2008 2008-11-16T10:54:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

ГА «БАЖ» звярнулася да кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея з лістом, у якім просіць «пасадзейнічаць у вырашэнні праблем, звязаных з распаўсюдам недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы». Пад зваротам падпісаліся паўтара дзесятка галоўных рэдактараў недзяржаўных беларускіх СМІ.

 

У сваім лісце журналісты падкрэсліваюць, што ў перыяд правядзення чарговай падпісной кампаніі «цэлы шэраг недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў зноў атрымліваюць адмоўныя адказы на прапановы аб супрацоўніцтве з прадпрыемствамі РУП „Белпошта“ і сістэмы „Саюздрук“».

Між тым, Канстытуцыя РБ гарантуе грамадзянам права на атрыманне і распаўсюд поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі, — падкрэсліваюць аўтары звароту. Асновай рэалізацыі гэтага права з’яўляецца сістэма СМІ, а прадпрыемствы паштовай сувязі і сістэмы «Саюздрук» абавязаныя забяспечыць рэалізацыю гэтага права.

Тым не менш, з канца 2005 года паўтара дзесятка недзяржаўных грамадска-палітычных СМІ выключаныя з дзяржаўнай сеткі распаўсюду па падпісцы, — падлічылі журналісты. «Шматлікія звароты ў абласныя філіі РУП „Белпошта“, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ні да чаго не прывялі. Зыскі рэдакцый і чытачоў газет беларускія суды адмовіліся разглядаць… Аналагічным чынам сітуацыя складваецца і з продажам газет прадпрыемствамі „Саюздруку“», — канстатуюць сябры БАЖ.

Арганізацыя нагадвае таксама, што некаторыя недзяржаўныя выданні («Народная воля», «Товарищ» и «Витебский курьер») пазбаўленыя магчымасці друкавацца на тэрыторыі Беларусі. Праблемы з друкам і распаўсюдам прывялі да прыпынення некалькіх недзяржаўных газет.

Журналісты нагадваюць, што ў лістападзе 2006 г. удзельнікі IX Мінскага форума звярнуліся да кіраўніцтва Міністэрства сувязі і інфарматызацыі з заклікам садзейнічаць правядзенню перамоваў паміж РУП «Белпошта», арганізацыямі «Саюздруку» і рэдакцыямі газет, каб аднавіць стасункі паміж гэтымі суб’ектамі гаспадарання. «На жаль, заклік прадстаўнікоў дзелавых колаў Германіі і Беларусі не быў пачуты».

«Тое, што адбываецца, прымушае зрабіць выснову пра свядомую эканамічную і прававую дыскрымінацыю недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы і замах на правы грамадзян…. Такія абмежаванні не заснаваныя на законе і не могуць быць прызнаныя ў дэмакратычным грамадстве», — гаворыцца ў звароце.

ГА «БАЖ» і рэдактары недзяржаўных СМІ заклікаюць «вярнуць сітуацыю ў прававое поле, дамагчыся спынення прававой і эканамічнай дыскрымінацыі недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў і забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных правоў грамадзян РБ на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і выказванне свайго меркавання».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства