Беларускія жанчыны: “Хто пакрывае беззаконнасць?”
На стол намесніка кіраўніка адміністрацыі А. Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч леглі некалькі дзесяткаў тэлеграмаў, якія даслалі беларускія жанчыны з розных рэгіёнаў краіны. Тэкст тэлеграмаў, падпісаны асобамі, якія пацярпелі ад дзеянняў беларускіх судоў і пракуратураў, раскрывае розныя аспекты дзеянняў гэтых структураў. Але ў кожнай тэлеграме ўтрымліваецца адно пытанне: “Хто рэальна кіруе Генеральнай пракуратурай, і хто пакрывае беззаконнасць?”
Звароты жанчын, чые сваякі, паводле іх перакананняў, незаконна асуджаныя беларускімі судамі, трапляюць менавіта да Наталлі Пяткевіч таму, што яна займаецца пытаннямі памілавання. Праўда, гэтую ролю яна выконвае вельмі своеасабліва. Нагадаем, Н.Пяткевіч дабілася надзвычай жорсткіх і непапулярных палітычных паправак ва Угалоўны кодэкс, якія канчаткова загналі ў кут беларускія няўрадавыя арганізацыі.
Як заявіла ў каментары сайту www.ucpb.org Людміла Кучура, чый муж асуджаны за забойства, якога, на думку адвакатаў, ён не мог здзейсніць, беларускія жанчыны маюць намер і найдалей дабівацца справядлівасці. “Мы спрабуем ускалыхнуць гэтую сістэму”, - кажа яна. Пакуль, аднак, беспаспяхова.