КДБ цікавіцца дзейнасцю святара
5 лістапада Сяргею Вашкевічу, аднаму з памагатых пастара Вячаслава Ганчарэнкі і служку царквы "Новае Жыццё", даставілі позву з КДБ. У позве ўтрымлівалася патрабаванне "з'явіцца 10 лістапада 2008 гады ў 14.00 у адміністрацыйны будынак УКДБ Рэспублікі Беларусь па г.Менску і Менскай вобласці для дачы тлумачэнняў".
Вячаслаў Ганчаренка выказаў сваю занепакоенасць тым, што на працягу некалькіх гадоў ворганы дзяржбяспекі вядуць пераслед служкі царквы. Пастар адправіў пісьмовы зварот да Старшыні Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь сп.Зайцава. У лісце ўтрымліваецца пераканаўчая просьба "не праяўляць празмернай увагі да персоны служкі", якога пастар характарызуе як вернага хрысціяніна, прыстойнага і законапаслухмянага чалавека.
10 лістапада Сяргей Вашкевіч з'явіўся ва УКДБ. Падчас гутаркі супрацоўнікі КДБ задалі яму пытанні, датычныя выбуху, які адбыўся ў Менску 4 ліпеня 2008 г., і ранейшай дзейнасці Сяргея Вашкевіча ў дабрачыннай арганізацыі.
Падчас гутаркі следчы КДБ пажадаў зняць у Сяргея Вашкевіча адбіткі пальцаў, ад чаго, як і ад падпісання пратаколу аб правядзенні допыту, святар адмовіўся. Сяргей Вашкевіч аргументаваў сваю адмову так: "Як чалавек веруючы і, больш таго, як служка царквы, я са сваімі рэлігійнымі перакананнямі і жыццёвымі каштоўнасцямі не магу прымаць удзел ў супрацьзаконных дзеяннях".
Напрыканцы сустрэчы супрацоўнік КДБ паабяцаў больш не запрашаць святара на падобныя "гутаркі".