viasna on patreon

У Сьвіслачы перасьледуюць Анатоля Валюка

2008 2008-11-10T14:49:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне, мясцовая міліцыя перасьледуе Анатоля Валюка, грамадска-палітычнага актывіста, старшыню мясцовай суполкі партыі БНФ.

 

Яшчэ 2 лістапада, калі ў Сьвіслачы і на тэрыторыі раёну адзначаўся Дзень памяці паўстанцаў 1863 году, Анатоль Валюк быў затрыманы позна ўвечары, калі вяртаўся на ровары дахаты. Актывіста затрымалі каля самага дому, і разам з роварам даставілі ў мясцовы апорны пункт, дзе яму прапаноўвалі падпісаць складзены пратакол аб нібыта адміністрацыйным правапарушэньні і палохалі адміністрацыным арыштам. Анатоль Валюк адмовіўся падпісваць пратакол і ўрэшце грамадскага актывіста завезьлі дахаты.

  

Праз пару дзён дахаты да Валюка прыехаў участковы міліцыянт і прапанаваў паехаць разам у РАУС. Анатоль Валюк запатрабаваў трымацца законнасьці і выпісаць яму позву належным чынам. Калі позва была аформлена, Валюк зьявіўся ў РАУС, дзе намесьнік старшыні аддзелу міліцыі Салагубік выпісаў яму штраф памерам 35 тысяч рублёў. Грамадскаму актывісту інкрымінавалася знаходжанне 2 лістапада ў цэнтры гораду нібыта ў нецьвярозым і неахайным стане. Сам Анатоль Валюк катэгарычна адпрэчвае гэтае прыдуманае і абсурднае абвінавачаньне.

  

Як паведамляюць праваабаронцы з Гародні, працяг гэтай гісторыі надарыўся ў  суботу, 8 лістапада, калі  дадому да  Валюка заявіліся міліцыянты з аўтаматамі – нібыта іх тэрмінова выклікалі па гэтым адрасе. Пасьля прызнаньня “памылковасьці” выкліку міліцыянты зьехалі. Анатоль Валюк лічыць усе гэтыя дзеяньні спланаванай доўгатэрміновай акцыяй яго перасьледу мясцовай уладай.

 

Нагадаем, што ў мінулыя гады Анатоль Валюк неаднаразова арыштоўваўся і перасьледаваўся сьвіслацкай міліцыяй напярэдадні і пасьля важных грамадска-палітычных падзей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства