Павел Сапелка: «УКДБ можа паўторна ініцыяваць разгляд справы аб «экстрэмізме» ў матэрыялах ПЦ «Вясна»
Калегія Гродзенскага абласнога суда адмяніла рашэнне суда Іўеўскага раёна, які з падачы начальніка УКДБ па Гродзенскай вобласці Ігара Сяргеенкі прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы, апублікаваныя ў жнівеньскім нумары незарэгістраванай газеты «Свабода».
Свой вердыкт абласныя суддзі абгрунтавалі тым, што іх раённыя калегі ў парушэнне прадугледжанай законам працэдуры разгледзелі справу ў адсутнасць усіх зацікаўленых бакоў.
У прыватнасці, абласны суд прызнаў абгрунтаванымі пярэчанні, якія ўтрымліваюцца ў касацыйнай скарзе жыхара Мінска Дзяніса Мазура, у якога 19 жніўня на трасе Мінск-Гродна былі адабраныя асобнікі «Свабоды».
Адвакат Павел Сапелка, які прадстаўляў у абласным судзе інтарэсы Дз. Мазура, па выніках слуханняў ацаніў рашэнне абласной калегіі як «адзінае законнае».
Але, па словах абаронцы, гэта не азначае, што ў справе аб «экстрэмісцкім» характары жнівеньскага нумару «Свабоды» пастаўлена кропка.
«Іўеўскі суд разгледзіць заяву УКДБ паўторна, — зазначыў сп. Сапелка. — Аднак зараз да ўдзелу ў працэсе суд абавязаны будзе прыцягнуць усіх юрыдычна зацікаўленых яго зыходам асоб».
Адвакат выказаў таксама ўпэўненасць, што, калі ініцыятары справы не прадаставяць доказаў таго, што ў «Свабодзе» ўтрымліваецца інфармацыя экстрэмісцкага характару, адзіна магчымым зыходам разбіральніцтва з нагоды падазрэнняў гродзенскіх «чэкістаў» можа быць адмова суда яе разглядаць.
Менавіта так паступіў па аналагічнай справе суддзя Кастрычніцкага раённага суда Гродна Аляксандр Сіцько.
Па звестках, атрыманых Праваабарончым цэнтрам «Вясна», суддзя Сіцько пакінуў без разгляду заяву начальніка УКДБ па Гродзенскай вобласці Ігара Сяргеенкі аб прызнанні экстрэмісцкай выпушчанай праваабаронцамі «Хронікі-агляду парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе».
Інфармацыя ПЦ «Вясна» грунтуецца на звестках, атрыманых праваабаронцамі ад сакратара Кастрычніцкага раённага суда Гродна. Аднак Павел Сапелка, які таксама вядзе як адвакат гэтую справу, перасцерагае ад паспешлівых высноў.
Справа ў тым, што ў сераду праваабаронца не змог атрымаць копію судовай пастановы пра тое, што заяву УКДБ па матэрыялах «Вясны» пакінулі без разгляду.
Ні самой справы аб «экстрэмісцкім» характары інфармацыйных матэрыялаў, ні пастановы суддзі ў канцылярыі суда Кастрычніцкага раёна Гродна не аказалася. Супрацоўнікі канцылярыі растлумачылі, што ўсе матэрыялы справы па-ранейшаму знаходзяцца ў суддзі.
У гутарцы з карэспандэнтам БАЖ юрыст выказаў меркаванне, што захоўванне суддзём справы, па якой ужо вынесеная пастанова, супярэчыць практыцы судовага справаводства. «Без азнаямлення з тэкстам пастановы немагчыма ацаніць яго прававыя наступствы», — прызнаў Сапелка.
Адвакат не выключыў, што яно можа быць складзена такім чынам, што пасля выпраўлення ўказаных у ім недахопаў УКДБ можа паўторна ініцыяваць разгляд справы аб «экстрэмізме» ў матэрыялах ПЦ «Вясна».