М. Пастухоў: Далей трэба адмяняць "Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму"
Кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Міхаіл Пастухоў выказаў здзіўленне адменай судовых рашэнняў па прызнанні экстрэмісцкай газеты "Свабода". Нагадаем, што не прызнаная экстрэмісцкай таксама кніга "Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе" - гэтую справу пакінулі без разгляду.
Па словах Пастухова, такое рашэнне не ўпісваецца ў тыя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў Беларусі апошнія 14 гадоў. Падставаў для такіх рашэнняў юрыст бачыць некалькі:
"Гэта можа быць звязана з палітыкай заігрывання з Захадам. Можа быць, гэта нейкая праява лібералізацыі, аб якой было заяўлена неаднойчы кіраўніком краіны".
Не выключае Пастухоў, што беларускія ўлады не хочуць трапляць пад крытыку еўрапейскіх праваабарончых арганізацыяў. Разам з тым юрыст спадзяецца, што гэта не адзінкавыя рашэнні, а нейкая тэндэнцыя. Ён лічыць неабходным наступным крокам - скасаванне "Закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму".
Пастухоў: "Калі гаварыць увогуле, то сам "Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму" 2007 года, па сутнасці, супярэчыць Канстытуцыі, паколькі вельмі абмяжоўвае свабоду поглядаў і распаўсюд інфармацыі".
Міхаіл Пастухоў адзначыў, што нідзе ў Еўропе не існуе такой нормы, як "змаганне з экстрэмісцкай літаратурай".