Суд не задаволіў скаргу брэсцкіх актывістаў апазіцыі
У судзе Ленінскага раёна Берасця адбыўся разгляд скаргі берасцейскіх актывістаў Жаны Абрамавай і Віталя Сымоніка. Яны прасілі прызнаць забарону Берасцейскім гарвыканкамам пікету 7 траўня з нагоды 9-ай гадавіны знікнення экс-міністра унутраных спраў Юрыя Захаранка неправамернай і ўціскаючай іх грамадзянскія правы.
Суддзя Ларыса Назаранка палічыла, што забарона правамерная, правы не парушаны, таму аставіла скаргу без задавальнення.
Трэба адзначыць, што скарга разглядалася па паўторнаму патрабаванню. 29 ліпеня першапачаткова суд выключыў Абрамаву і Сымоніка з ліку заяўнікаў. Астаўся толькі Раман Кісляк. Актывісты падавалі скаргу ў абласны суд з патрабаваннем разглядзець у судзе іх скаргу. Абласны суд задаволіў іх патрабаванне.
Нагадаю, што актывісты хацелі прыняць удзел у пікеце 7 траўня на вуліцы Савецкай ля кінатэатра “Беларусь” у Берасці. Але ім было адмоўлена па звыклай фармулёўцы, што адзіным месцам для пікетаў првзначаны стадыён “Лакаматыў”, які знаходзіцца на ўскрайку горада, за высокім бетонным плотам. Абрамава і Сымонік будуць абскарджваць рашэнне суда Ленінскага раёна.