viasna on patreon

Найноўшая гісторыя беларускага «экстрэмізму». Працяг будзе

2008 2008-11-03T11:50:07+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У сераду, 5 лістапада, у Гродзенскім абласным судзе будзе разглядацца касацыйная скарга на рашэнне суда Іўеўскага раёна, які прызнаў экстрэміcцкім жнівеньскі нумар незарэгістраванай газеты «Свабода». Разгляд скаргі пачнецца ў 9.00.

Між тым, дагэтуль невядомая дата пачатку слуханняў яшчэ адной грамадзянскай справы «Аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі», якую мае разглядаць суд Кастрычніцкага раёна Гродна. У справе, нагадаем, фігуруюць некалькі чалавек, у якіх на працягу  апошніх гадоў на польска-беларускай мяжы мытнікі забіралі інфармацыйныя матэрыялы.

Суддзя Аляксандр Сіцько, які вядзе гэты працэс, сёння адмовіўся размаўляць з прэс-службай ГА «БАЖ» па тэлефоне, параіўшы звяртацца да бакоў працэсу. Асобы, якіх выклікалі ў суд 9 верасня на папярэднюю сустрэчу бакоў, пакуль ніякай інфармацыі на гэты конт не маюць.

Нагадаем: 9 верасня суд Іўеўскага раёна прызнаў жнівеньскі нумар незарэгістраванага выдання «Свабода» (№ 127 за 14–27.08.2008) экстрэміcцкім і пастанавіў знішчыць 5 тысяч асобнікаў гэтага выпуску. Грамадзянская справа была ўзбуджана на падставе заявы, якую падпісаў 4 верасня начальнік Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Ігар Сяргеенка. УКДБ падалася падазронай публікацыя «Вайна ў Грузіі», змешчаная ў нумары выдання.

Той жа І. Сяргеенка ініцыяваў грамадзянскі працэс у г. Гродна аб прызнанні экстрэмісцкімі шэрагу іншых матэрыялаў, якія беларускія мытнікі вымалі ў грамадзян на працягу апошніх трох гадоў: асобнік газеты беларускіх палякаў «Glos znad Niemna na uchodzstwie», выданне «Агляд-хрон­іка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе», аўдыёзапіс праграм польскага радыё, «Асновы стратэгіі АДС» і «Праект рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сіл», бюлетэнь «Свабодная думка», кнігі «Лісты з лесу» (аўтар — Павел Севярынец) і «Выпадковы прэзідэнт» (аўтары — журналісты Святлана Калінкіна і Павел Шарамет) і іншыя матэрыялы.

Між тым, адно рашэнне па аналагічнай справе ўжо ўступіла ў законную сілу з 16 верасня. Гэта рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Гродна, паводле якога экстрэмісцкімі былі прызнаныя тры дыскі з запісам варшаўскага канцэрта 2006 г. «Салідарныя з Беларуссю», 6 дыскаў з запісам польскага дакументальнага фільма «Lekcja Bialoruskiego» («Урок беларускай мовы») і некалькі дыскаў з фотаздымкамі з Кастрычніцкай плошчы ў 2006 г. 2 кастрычніка газета «Звязда» апублікавала табліцу з пералікам гэтых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прозвішчам чалавека, у якога іх забралі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства