viasna on patreon

Бязногага інваліда пакаралі за плакат «Хто скраў мае льготы?»

2008 2008-10-29T10:59:01+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд пакараў інваліда-вазочніка Ўладзімера Вусікава за правядзеньне пікету ля будынка Магілёўскага гарвыканкаму

28 кастрычніка Ленінскі суд Магілёва прысудзіў інваліду штраф у памеры дзьвюх мінімальных велічыняў — гэта 70 тысяч рублёў. Судзьдзя Ірына Сарока прызнала яго вінаватым у правядзеньні 2 верасьня пікету ля будынка Магілёўскага гарвыканкаму. Інвалід патрабаваў, каб яго аднавілі ў чарзе на атрыманьне сацыяльнага жытла, а таксама кампэнсавалі кошт пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэньне. Падчас пікету інвалід трымаў транспарант са словамі “Хто скраў мае льготы?”.

У суд Уладзімера Вусікава занесьлі, а выходзячы з суду, ён вымушаны быў зьлезьці з вазка, каб спусьціцца з прыступак. У судзе інвалід бараніў сябе сам. Вінаватым сябе ён не прызнаў.

“Рэч у тым, што ўсе законы прапісаныя для пакараньня. І апраўдацца перад судом, што не вінаваты і ёсьць канстытуцыя, якая дазваляе чалавеку выйсьці й выказаць сваю думку не хуліганскім шляхам, а проста як чалавек, гэта таксама нельга. Я ўжо бачу, што ніякіх правоў нельга дабіцца”, -- паведаміў Уладзімер Вусікаў “Радыё Свабода” пасля суду.

Суду Ўладзімер Вусікаў даводзіў, што выйсьці да гарвыканкаму яго змусілі дзеяньні чыноўнікаў. Спачатку, тлумачыў ён, яму не далі пуцёўкі ў санаторый, а потым адмовіліся кампэнсаваць яе кошт.

Апошняй кропляй, паводле інваліда, сталася яго зьняцьцё з чаргі на атрыманьне сацыяльнага жытла — на той падставе, што ягоная пэнсія перавышае пражытковы мінімум на 150 тысяч рублёў.

“Тады я паінфармаваў чыноўнікаў, што абвяшчаю галадоўку і выходжу да гарвыканкама са сваімі патрабаваньнямі. Дзе мае льготы? У гарадзкім транспарце я ня ежджу. Сюды, у суд, я прыехаў на таксоўцы. Навошта мне тыя лукавыя льготы ды бясплатны праезд, калі я да родных за горад не магу выехаць?” — казаў суду Ўладзімер Вусікаў.

Свае тлумачэньні суду далі міліцыянт, супрацоўнік дэпартамэнту аховы Максім Прэнс, які дзяжурыў у гарвыканкаме ў дзень пікету, ды прадавачка газэтнага шапіка ў гарвыканкаме Ларыса Корзун. Абое пацьвердзілі, што бачылі Вусікава з плякатамі ля ўваходу ў гарвыканкам.

Двое міліцыянтаў, якія фігуравалі ў справе як сьведкі, Бурмістраў і Загорскі, у суд не прыйшлі.

Сьведка, якога заявіў у судзе Ўладзімер Вусікаў, — Ігар Каваленка — назваў дзеяньні міліцыянтаў, якія разьбіраліся ў абставінах несанкцыянаванай акцыі інваліда, бесчалавечнымі. Яны, паводле Каваленкі, гаварылі зь ім неадэкватна груба. Спадар Каваленка паведаміў суду, што менавіта ён выклікаў да Вусікава прадстаўніка сацыяльнай службы гарвыканкаму, каб яму патлумачылі ягоныя правы.

Судзьдзя Ірына Сарока, перад тым як агучыць вырак, нагадала Ўладзімеру Вусікаву, што ён мае права на правядзеньне акцыяў пратэсту, аднак толькі пасьля дазволу адпаведных органаў. Яна пакарала інваліда мінімальным штрафам у памеры 70 тысяч рублёў. Як патлумачыла судзьдзя, пры вынясеньні пакараньня яна ўлічыла тое, што інваліда раней не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, а таксама яго інваліднасьць і памер пэнсіі.

У суд Уладзімера Вусікава прывёз знаёмы таксіст. У будынак суду яго ўнесьлі журналіст і мінак. Судзьдзя сустрэла яго ля парога. Міліцыянт-ахоўнік не дазволіў журналістам фатаграфаваць у судзе, спаслаўшыся на загад управы юстыцыі аблвыканкаму.

Уладзімер Вусікаў жыве ў двухпакаёвай кватэры з двума дарослымі сынамі, унукам і жонкай, зь якой ён чатырнаццаць гадоў у разводзе. Пад’езд дома, дзе ён жыве, не прыстасаваны для інваліда-вазочніка. Каб дабрацца да ліфта, інвалід сам змайстраваў адкідны драўляны пандус.

З чаргі на атрыманьне сацыяльнага жытла Ўладзімера Вусікава зьнялі таму, што пэнсія ў яго перавышае пражытковы мінімум. Пэнсія ў інваліда — 350 тысяч, а пражытковы мінімум — 224 тысячы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства