viasna on patreon

Суд не задаволіў скаргу Ўладзімера Сяргеева

2008 2008-10-29T08:26:50+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Уладзімер Сяргееў, каардынатар руху “Маладая Беларусь” па Менску, фігурант “справы 14-ці”, атрымаў адказ на скаргу, пададзеную ў надзорным парадку ў Менскі гарадзкі суд. 22 красавіка ён быў прысуджаны да штрафу ў памеры 100 б.в. (3 500 000 р.) па артыкуле 342.1 КК РБ за “арганізацыю масавых беспарадкаў” падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 г.

 

Пасьля таго, як Менскі гарадзкі суд у касацыйным парадку пакінуў прысуд бязь зьменаў, хлопец падаў надзорную скаргу на імя старшыні Менскага гарадзкога суду В. Г. Пуцілы. Сёньня Сяргееў атрымаў адказ, скарга зноў не задаволена. У афіцыйнай пастанове  за подпісам В. Г. Пуцілы сьцьвярджаецца, што 'вінаватасьць у зьдзяйсненьні правапарушэньня даказана цалкам', нягледзячы на ўсю абсурднасьць справы  і на довады асуджанага аб шматлікіх парушэньнях у ходзе працэсу, разыходжаньнях сьведчаньняў міліцыянтаў з рэчаіснасьцю, незаконнасьці выкарыстаньня ў якасьці рэчавых доказаў відэа- і фотаматэрыялаў сумнеўнага паходжаньня. “Падставаў для адмены прысуду ня маецца. Скарга не падлягае задавальненьню”, - такімі словамі сканчваецца адказ.

 

Уладзімер Сяргееў лічыць гэта даволі трывожным момантам. На думку актывіста, такія падзеі, як пачатак шырокага дыялёгу беларускай улады з Захадам і адмена на паўгады санкцыяў супраць Лукашэнкі й некаторых беларускіх чыноўнікаў, павінны весьці за сабою адпаведныя крокі з боку рэжыму. Адным з асноўных такіх крокаў бачыцца поўная рэабілітацыя ўсіх фігурантаў “справы 14-ці”, аднак сёньня бачна, што ўлады пакуль ня хочуць рабіць гэта нават афіцыйна - у адказ на скаргу асуджанага.

 

“Мы ня мусім маўчаць і мірыцца з нашым становішчам, - кажа Ўладзімер, - мой сябар Аляксандар Баразенка быў арыштаваны, шэраг маіх паплечнікаў па “справе 14-ці”, прысуджаных да “хатняй хіміі”, былі фактычна выцеснены за мяжу, астатнія зараз павінны жыць па жорсткаму распарадку. Да мяне ўжо спрабаваў зайсьці судовы выканаўца з патрабаваньнямі прадаставіць маёмасьць для опісі, бо грошай на штраф я ня маю. Сёньняшняя сытуацыя нагадвае пачатак 2008 году, калі Лукашэнка пасьля чарговых перамоваў з Захадам пайшоў на невялікія саступкі й вызваліў некаторых палітзьняволеных, аднак пакінуўшы некалькі вязьняў у якасьці закладнікаў для далейшага “гандлю людзьмі”. Што было потым, мы ведаем: разгон Дня Волі, пагромы на офісах незалежных СМІ, 'працэс 14-ці' і чарговыя, чарговыя рэпрэсіі. Зараз такімі закладнікамі зьяўляемся мы, але хто дасьць гарантыю: што будзе праз паўгады, калі тэрмін адмены санкцыяў супраць Лукашэнкі будзе сканчвацца? Таму сёньня нам нічога не застаецца, як працягваць змагацца за справядлівасьць і дабівацца скасаваньня прысуду. Я буду браць удзел у інфармацыйных кампаніях з заклікам перагледзець нашую справу разам са сваёй “14-кай”, а таксама разам з паплечнікамі па 'Маладой Беларусі'. Мы павінны абавязкова паўплываць на падзеі, пакуль у нас яшчэ ёсьць такая магчымасьць”, - упэўнены Ўладзімер Сяргееў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства