Жыхары Дружнага збіраюцца стварыць рэспубліканскую экалагічную арганізацыю
Жыхары пасёлка Дружны (Мінская вобласць) маюць намер стварыць рэспубліканскую экалагічную арганізацыю. Аб гэтым паведаміла ўдзельніца грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва ў рэгіёне завода па вытворчасці пестыцыдаў Анастасія Рысявец.
Паводле яе слоў, такое рашэнне было прынята ўдзельнікамі грамадскай кампаніі пасля таго, як яны "сутыкнуліся з націскам уладаў і немагчымасцю атрымаць неабходную інфармацыю".
Нагадаем, жыхары Дружнага амаль год вядуць кампанію супраць будаўніцтва завода па вытворчасці сродкаў аховы раслін прадпрыемствам ЗАТ "Август-Бел" (уласнік — расійская фірма "Август"). Рашэнне аб выдзяленні зямлі для правядзення праектных работ было прынята раённымі ўладамі. У пачатку лютага жыхары Дружнага сабралі і накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта больш за тысячу подпісаў супраць будаўніцтва прадпрыемства. 22 сакавіка ў пасёлку адбыўся несанкцыянаваны мітынг, 3 красавіка — сход з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў.
Жыхары пасёлка звярталіся ў Савет міністраў і Генпракуратуру. 28 мая Генпракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне кіраўніцтву ЗАТ "Август- Бел" і запатрабавала забяспечыць доступ грамадскасці да неабходных матэрыялаў.
Аднак удзельнікі кампаніі супраць будаўніцтва завода дагэтуль не могуць атрымаць патрэбную інфармацыю. Кіраўніцтва ЗАТ "Август-Бел" спасылаецца на тое, што ў пасёлку шматразова (таксама і 3 красавіка) праводзіліся грамадскія слуханні. Мінаблвыканкам, які ў красавіку быў аб'яўлены арганізатарам слуханняў, накіраваў жыхароў у Пухавіцкі райвыканкам, дзе адмовілі даць пратаколы сходу ад 3 красавіка. У Пухавіцкім раённым судзе, куды са скаргай звярнуліся жыхары Дружнага, высветлілася, што пратаколаў няма і што сход 3 красавіка не быў грамадскім слуханнем. Жыхары падалі касацыйную скаргу, 10 лістапада іх справу разгледзіць Мінскі абласны суд.
Як лічыць А.Рысявец, стварэнне рэспубліканскай экалагічнай арганізацыі дапаможа больш эфектыўна ўзаемадзейнічаць з чыноўнікамі. "На некаторыя пытанні нам проста не адказваюць або адказваюць, што такую інфармацыю не могуць даць фізічнай асобе. Калі звяртацца да экалагічнай арганізацыі, то чыноўнікі мусяць адказаць на пытанні", — сказала яна і падкрэсліла, што стварэнне рэспубліканскай арганізацыі забяспечыць супрацоўніцтва ў дасягненні экалагічных мэтаў з іншымі рэгіёнамі краіны, паведамляе БелаПАН.