Шматдзетныя сем'і ня маюць, дзе жыць
На Віцебшчыне пустуюць больш як 600 "прэзыдэнцкіх" дамкоў, і амаль столькі ж шматдзетных сем”яў ня маюць уласнага жытла.
Увогуле па вобласьці сытуацыя выглядае яшчэ больш катастрафічна: тут налічваецца 1200 сем'яў, якія спадзяюцца на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Але ў гарадзкіх жыхароў надзеі атрымаць уласнае жытло ў межах дзяржаўнай праграмы падтрымкі шматдзетных сем'яў больш рэалістычныя: там, дзе ўзводзяцца новыя дамы, ёсьць шанцы на атрыманьне кватэры на ільготных умовах. Да прыкладу, у райцэнтры Талачын з 11-ці шматдзетных сем'яў, якія стаяць у яарзе на атрыманьне жытла, восем сем'яў атрымаюць яго праз год. А вось на вёсцы, дзе будаўніцтва новага жытла амаль не вядзецца, сытуацыя зусім іншая.
Да прыкладу, у засім старой паўзгнілай хатцы ў вёсцы Славені жывуць Тацяна Шытава і яе пяцёра дзетак. Муж у спадарыні Шытавай летась памёр, так што нават дробны рамонт месца жыхарства ператварыўся ў праблему.
– Мне патлумачылі, што я маю права на атрыманьне бясплатнага жытла, і што гэта можа быць хата ў вёсцы, набытая за дзяржаўныя грошы ў межах падтрымкі праграмы шматдзетных сем'яў, – гаворыць Т.Шытава. – Але ў нашай вёсцы падыходзячыя дамы не прадаюцца: тыя, што можна набыць, або такія самыя старыя, які і наш, абе зусім маленькія. У суседняй вёсцы тое самае. Старшыня сельсавету параіла мне купіць газэту з аб'явамі ды самой езьдзіць глядзець, што дзе прадаецца. Як можна ўсё кінуць ды паехаць на другі край раёну, маючы на руках пяцёх дзяцей ад 3 да 14 год, я нават не ўяўляю!
Яшчэ адна жыхарка Талачыншчыны Сьвятлана Ксяндзова распавяла сваю гісторыю.
– Я працавала на сьвінакомплексе ў вёсцы Нарцызава, там заробкі нізкія і жытло таксама нікому не давалі – скардзіцца жанчына. – Пасля таго, як у мяне нарадзілася трэцяе дзіця, мы з мужам вырашылі пераехаць у суседні аграгарадок. Спадзяваліся, што там нам могуць даць "прэзыдэнцкі" дамок, якіх некалькі стаіць пустымі. Дырэктар фермы не хацеў мяне адпускаць, але я ўсё адно напісала заяву на звальненьне. У выніку сяджу без працы ўвогуле: мне расказалі, што дырэктар сьвінакомплексу патэлефанаваў у аграгарадок свайму калегу, і той адмовіўся прыняць мяне на работу. Так што цяпер у мяне няма ня тое што ўласнага месца жыхарства, але й нават працы, каб мець мажлівасьць плаціць гаспадарам за домік, які мы ўжо шмат гадоў здымаем у чужых людзей.
Зрэшты, спадзяваньні С.Ксяндзовай на новы "прэзыдэнцкі" дамок у Талачынскім райвыканкаме лічаць амаль што марнымі: няма адпаведных заканадаўчых актаў, каб гэтыя дамкі можна было выкупаць за кошт ільготных крэдытаў. Бо дзяржаўная праграма разьвіцьця сяла ніякім чынам не зьвязаная з праграмай дэмаграфічнай бясьпекі й падтрымкі шматдзетных сем'яў. Таму аб'екты, пабудаваныя ў межах аднае праграмы, стаяць пустыя й не запатрабаваныя, а суб'екты, дзеля якіх абвяшчалася другая праграма, іншым разам ня маюць уласнага даху над галавой.