Беларускія незалежныя газеты ізноў аказаліся «за бортам» падпісной кампаніі
Падпісная кампанія на перыядычныя выданні на 2009 год распачалася ў Беларусі тыдзень таму – 15 кастрычніка. Пра гэта прэс-службе БАЖ паведаміла намесніца начальніцы ўпраўлення распаўсюду друкаваных СМІ РУП «Белпошта» Аксана Чычко. Між тым, шэраг недзяржаўных грамадска-палітычных газет у чарговы раз не патрапілі ў падпісны каталог «Белпошты».
Нягледзячы на пісьмовыя звароты рэдакцый да дзяржаўнага паштовага прадпрыемства аб уключэнні іх у каталог, сёлета «за бортам» падпісной кампаніі ізноў аказаліся нацыянальныя газеты: «Народная воля», «Наша Ніва», «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Товарищ», а таксама рэгіянальныя выданні: «Борисовские новости», «Витебский курьер-М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час» і «Intex-press» (Баранавічы).
Легендарнай беларускамоўнай «Нашай Ніве» адмовілі ў распаўсюдзе праз падпіску, традыцыйна спаслаўшыся на «эканамічную немэтазгоднасць».
«Газеце Слонімскай» (Гродзенская вобл.) у верасні супрацоўнікі «Белпошты» самі патэлефанавалі і прапанавалі напісаць заяўку на ўключэнне выдання ў каталог, пасля чаго па невядомых прычынах не ўключылі. «Пытанне аб вяртанні ў каталог “Газеты Слонімскай” вырашаем не мы, а кіраўніцтва прадпрыемства ў сталіцы», — патлумачыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ супрацоўнік Слонімскага паштовага аддзялення Міхаіл Мандрыкевіч.
А газетам «Intex-press» і «Ганцавіцкі час» Брэсцкі філіял «Белпошты» адпісаў, што «мэтазгоднасць» заключэння з імі дамовы на распаўсюд выданняў пакуль разглядаецца.
На просьбу прэс-службы БАЖ патлумачыць, у сувязі з чым так доўга вырашаецца пытанне ўключэння гэтых газет у абласны каталог (бо падпіска ўжо вядзецца, і губляецца час) дырэктар Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Валянціна Пух заявіла: гэта выклікана тым, што выданні нібыта «незаконна праводзяць падпісную кампанію».
В. Пух: - У іх няма санкцый на правядзенне падпіскі. Аднак ва ўсіх іх выданнях даецца рэклама, што падпіска праводзіцца. Даюць нумар сотавага тэлефона, не ведаю, як яны потым па тэлефоне праводзяць падпіску...
Прэс-служба БАЖ: - Відаць, гэта рэдакцыйная падпіска, а на яе ліцэнзія не патрэбная.
В. Пух: - Магчыма, але там нідзе не ўказваецца, што гэта рэдакцыйная падпіска, а даецца толькі нейкі сотавы тэлефон, таму і праводзіцца наша ведамаснае расследаванне.
Уладзімір Янукевіч, дырэктар «Выдавецкага дома “Інтэкс-прэс”», які выдае абедзве вышэйзгаданыя газеты, быў вельмі здзіўлены такой заявай кіраўніцы абласнога падраздзялення «Белпошты».
«Гэта рэдакцыйная падпіска, і мы маем права яе праводзіць. Там указаны нумар рэдакцыйнага мабільнага тэлефона, што ў гэтым можа быць супрацьпраўнага? Кожная рэдакцыя можа праводзіць такую падпіску, і многія так робяць. Але гэта вельмі дорага – дасылаць газету кожнаму падпісчыку ў канвертах пры дапамозе той жа пошты, таму мы і хочам, каб нас вярнулі ў распаўсюд праз падпіску па каталогу “Белпошты”. Тым больш што гэтае прадпрыемства з’яўляецца фактычна манапалістам на гэтым рынку паслуг», — зазначыў У. Янукевіч.
Іншыя газеты не атрымалі наогул ніякага адказу, як, напрыклад, «Вольнае Глыбокае» (Віцебская вобл.), рэдактар якой даслаў заяўку на ўключэнне ў падпісны каталог у раённае аддзяленне паштовай сувязі яшчэ напрыканцы верасня.
Тым часам, з-за немагчымасці нармальна распаўсюджвацца ў 2008 годзе яшчэ дзве незалежныя рэгіянальныя газеты - «Ляхавіцкі час» і «Мясцовы час» (Пінск) - былі вымушаныя прыпыніць выхад.