viasna on patreon

Г.Грушавы: указ нішчыць праграмы аздараўленьня за мяжой

2008 2008-10-15T14:40:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка выдаў указ, які забараняе беларускім дзецям аздараўляцца ў адной і той жа краіне больш за тры разы.

Паводле ўказу, беларускія дабрачынныя арганізацыі змогуць накіроўваць дзяцей на аздараўленьне толькі ў тыя замежныя краіны, зь якімі Беларусь мае міжнародныя дамовы аб дзяржаўных гарантыях своечасовага вяртаньня дзяцей у Беларусь.

Да падпісаньня такіх дамоваў дзяцей будуць накіроўваць на аздараўленьне за мяжу ў ранейшым парадку толькі ў складзе спэцыяльных арганізаваных групаў.

Цяпер на аздараўленьне за мяжу змогуць выяжджаць толькі дзеці да 14 гадоў і ня больш як тры разы ў адну і тую ж краіну. За выключэньнем выезду ў тыя краіны, зь якімі Беларусь падпісала міжнародныя дамовы да 1 кастрычніка 2008 году.

Старшыня дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы заявіў, што гэты ўказ фактычна “зьнішчае праграмы аздараўленьня беларускіх дзяцей за мяжой”. Паводле спадара Грушавога, “пасьля гэтага ўказу ўсе арганізацыі, якія чамусьці не падыходзяць беларускім уладам у якасьці партнэра, могуць фактычна скончыць сваю дзейнасьць”.

Паводле ўказу, беларускія дабрачынныя арганізацыі змогуць накіроўваць дзяцей на аздараўленьне толькі ў тыя замежныя краіны, зь якімі Беларусь мае адмысловыя міжнародныя дамовы. Што гэта азначае?

“Чаму менавіта вакол дзяцей Чарнобылю ўзьнікла пытаньне падпісаньня міждзяржаўных пагадненьняў? У нас ужо цягам 20 гадоў дзейнічаюць розныя юрыдычныя дакумэнты, пагадненьні паміж арганізацыямі, якія адпраўляюць і прымаюць, паміж бацькамі і тымі арганізацыямі і сем’ямі, якія прымаюць дзяцей. У нас апошнімі гадамі фактычна ўводзіліся па 5-10 новых пунктаў, якія патрабаваў Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці. Яны прадугледжвалі ўсё. І калі мы ня мелі такіх юрыдычных пагадненьняў з бокам, які прымае дзяцей, то Дэпартамэнт нам не падпісваў ніякіх папераў. Гэтыя паездкі і былі на падставе дамоваў, але не міждзяржаўных. Няма ў сьвеце дзяржавы, якая паездкі сваіх грамадзянаў у тыя ці іншыя краіны зьдзяйсьняе празь міждзяржаўныя пагадненьні. Справа ідзе аб прыватных паездках і грамадзкіх арганізацыях. Нашых дзяцей за мяжой прымаюць не дзяржаўныя ўстановы, а грамадзкія аб’яднаньні і дабрачынныя ініцыятывы. І бальшыня краінаў ня мае ў сваіх кодэксах падставаў для такога пагадненьня. Беларусь запатрабавала, каб гэта было. Гэта вар’яцтва нейкае.

Такія ўмовы, калі ўрады, дзяржавы павінны адказваць за тое, што адбываецца на ўзроўні такіх прыватных кантактаў — гэта фактычна крок па зьнішчэньні ўсёй гэтай дзейнасьці. А гэта той здабытак, які застаўся яшчэ з далукашэнкаўскіх часоў. Дзякуй Богу, мы ўсю гэтую справу аздараўленьня пачалі да яго. І ён яшчэ пасьпеў пакарыстацца ёю, калі яшчэ ня быў уладаром гэтай краіны. І тое, што ніколі не будавалася і не падтрымлівалася ўладай, улада мэтадычна зьнішчае”.

Такую дамову Беларусь падпісала з Італіяй. А краінаў, дзе адпачываюць дзеці, каля 20. Ці ёсьць такая дамова зь Нямеччынай, куды ваша арганізацыя пасылае найбольш дзяцей на аздараўленьне?

“Няма, і, наколькі я ведаю, Нямеччына пакуль не сьпяшаецца. Так, пасол Нямеччыны раіць нямецкім дабрачынным ініцыятывам зьвяртацца да беларускага ўраду і пераконваць яго. Гэтыя звароты ідуць амаль што два месяцы. У іх гаворыцца, што ніколі цягам 20 гадоў не было ніводнага выпадку затрыманьня беларускіх дзяцей у Нямеччыне. Няма ніводнага прэцэдэнту, калі б нехта парушаў нейкія пагадненьні. І няма падстаў ставіцца з такой падазронасьцю да нямецкіх ініцыятываў.

Указ — гэта фактычна адказ на ўсе гэтыя звароты. Маўляў, нас гэта ўсё не цікавіць. Мы ўводзім такі прынцып і больш нам нічога ня трэба, апроч атамнай станцыі”.

Цяпер на аздараўленьне за мяжу змогуць выяжджаць толькі дзеці да 14 гадоў і ня больш як тры разы ў адну і тую ж краіну. Як вы да гэтага ставіцеся?

“Гэта на ўсе сто адсоткаў парушае фундамэнтальныя правы людзей. Фактычна гэта забарона ня дзецям, а нашым грамадзянам. Сем’і, якія маюць дзяцей, пазбаўлены права самім вырашаць — могуць іх дзеці паехаць ці не. Як так можна? Мы дзейнічаем толькі ад імя бацькоў. Мы атрымоўваем адпаведны дазвол. Таму гэтае абмежаваньне тычыцца не дабрачынных арганізацый і нават не саміх па сабе дзяцей, а гэта абмежаваньне правоў грамадзянаў Беларусі. Пасьля гэтага ўказу яны ня могуць самі вырашаць, куды ім пасылаць сваіх дзяцей, колькі разоў пасылаць і ў якім узросьце. Гэта ўжо новая справа на Беларусі”.

Нагадаем, фонд “Дзецям Чарнобылю” за час свайго існаваньня, з 1989 году, накіравала на аздараўленьне ў розныя краіны сьвету больш за 200 тысяч дзяцей зь Беларусі.

***

У Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці патлумачылі, што да заключэньня дамоваў дзеці ня змогуць ехаць за мяжу на аздараўленьне:

“У жніўні ўсе атрымалі праекты дамоваў. І чакаем ад іх адказаў па іх прапановах. Любая ж дамова - гэта дамова двух бакоў. Таму яны павінны разгледзець і даць свае прапановы. І далей мы будзем працаваць па аналёгіі, як з Італіяй”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства