viasna on patreon

Ці стане беларуская статыстыка незалежнай?

2008 2008-10-17T14:35:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У інтэрвію «Экономической газете» старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ўладзімер Зіноўскі патлумачыў рэарганізацыю Мінстату неабходнасьцю выкананьня прынцыпу незалежнасьці пры ажыцьцяўленьні прафэсійнай статыстычнай дзейнасьці.

Такі прынцып за першым нумарам прадэкляраваны ў Кодэксе нормаў Эўрапейскай статыстыкі, прынятым у 2005 г. для дзяржаваў — чальцоў ЭС. Такая норма замацаваная і ў нашым Законе «Аб дзяржаўнай статыстыцы».

Старшыня Белстату адзначыў, што сабраныя яго камітэтам дадзеныя адлюстроўваюць ня толькі «разьвіцьцё асобных рэгіёнаў, галінаў, міністэрстваў, канцэрнаў, але й эфэктыўнасьць працы самога ўраду».

    «І можна дапусьціць, што тут карціна можа быць рознай. Усё залежыць ад таго, да якой — рэальнай або «зручнай» — статыстыкі прыбягаюць органы выканаўчай улады на месцах, каб дакласьці аб выкананьні ўскладзеных на іх задачаў» — сказаў У. Зіноўскі.

Па яго словах, Мінстат падпарадкоўваўся Саўміну, міністар уваходзіў у склад ураду, а прызначэньне кіраўнікоў тэрытарыяльных статыстычных органаў узгаднялася з выканкамамі, што ў сваю чаргу часам ставіла спэцыялістаў Мінстату ў «пэўную залежнасьць ад апошніх».

Факт падпарадкаваньня Мінстату ўраду, паводле чыноўніка, выклікаў пэўны недавер да інфармацыі міністэрства з боку міжнародных арганізацыяў.

Нагадаем, што ад 4 кастрычніка 2008 г. згодна указу № 445 ад 26.08.2008 г. Міністэрства статыстыкі і аналізу пераўтворана ў Нацыянальны статыстычны камітэт (Белстат) і выведзены з падпарадкаваньня ўраду. Цяпер новы камітэт падпарадкоўваецца кіраўніку дзяржавы.

Ці стане цяпер беларуская статыстыка больш незалежнай? Сп. Зіноўскі мяркуе, што так: «Пераўтварэньне Мінстату ў Белстат з падпарадкаваньнем кіраўніку дзяржавы зьменіць залежны ланцужок узгадненьняў і забясьпечыць атрыманьне аб’ектыўнай інфармацыі пра сацыяльна-эканамічны, дэмаграфічны і экалягічны стан у рэспубліцы і яе рэгіёнах».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства