Франака Вячорку дапыталі ў Шарамеццева-2
З-за допыту Франака Вячоркі самалёт у адным з маскоўскіх аэрапортаў затрымалі на цэлую гадзіну – інцыдэнт адбыўся пасля таго, як супрацоўнікі памежнай службы знайшлі моладзевага актывіста ў адмысловым спісе беларускіх невыяздных.
Учора ўвечары Франак Вячорка меў намер вылецець у Варшаву з маскоўскага Шарамеццева-2. Моладзевы актывіст прайшоў рэгістрацыю, здаў багаж, але ўжо перад самай пасадкай у самалёт быў затрыманы службай аховы аэрапорту. Пасля гэтага расійскія памежнікі цэлую гадзіну дапытвалі моладзевага актывіста. На такі ж час быў затрыманы і сам самалёт польскай авіякампаніі “Лёт”.
- Перад уваходам у самалёт мяне спынілі супрацоўнікі службы бяспекі, наколькі я зразумеў, гэта былі супрацоўнікі ФСБ, і папрасілі прайсці за імі. У руках у іх быў мой багаж, яны правялі мне невялічкі допыт, задавалі пытанні, ці не маю я дачынення да крыміналу, чаму я лячу ў Варшаву менавіта праз Маскву і г.д. Адметна, што пры гэтым усім спецслужбоўцы паводзілі сябе вельмі нахабна, ніякіх прычынаў і падставаў затрымання яны не тое што не называлі, а нават і не збіраліся мне штосці тлумачыць.
Варта адзначыць, што гэта ўжо не першае падобнае затрыманне моладзевага актывіста. Між тым раней, як адзначае Вячорка, праблемы ў яго ўзнікалі толькі пры выездзе з беларускай тэрыторыі. Цяпер жа, як кажа Франак, спісы невыяздных, у якія моладзевы актывіст патрапіў з-за незразумелай сітуацыі з адтэрміноўкай ад вайсковае службы, хутчэй за ўсё былі перададзеныя і расійскім памежнікам.
Франак Вячорка гаворыць, што намераны дамагацца расследвання ўчорашняга выпадку і атрымання ад расійскіх, так і беларускіх, памежнікаў афіцыйных тлумачэнняў здарэння.