"Дробныя хуліганы" судяцца з Берасцейскім гарвыканкамам
17 кастрычніка старшыня суда Ленінскага раёна Берасця Пётр Баброўскі пачаў разгляд скаргі 19-ці так званых "дробных хуліганаў" - грамадскіх актывістаў, якія ў розныя часы адседзелі за кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання.
У суд прыйшлі 6 чалавек: Раман Кісляк, Уладзімір Вялічкін, Рыгор Бакіевіч, Валянцін Лазарэнкаў, Сяргей Вакуленка, Дзяніс Турчаняк. Астатнія даручылі прадстаўляць іх інтарэсы Р.Кісляку або разглядаць справу без іх.
Яшчэ летам яны падалі заяву на правядзенне марша на працягу невялікага кавалку цэнтральнай вуліцы Савецкай. Але намеснік гарвыканкама Вячэслаў Хафізаў адказаў, што марш "дробных хуліганаў" не дазваляецца, таму што па адпаведнаму рашэнню гарадскіх уладаў адзіным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў вызначаны толькі стадыён "Лакаматыў", які ў "глыбінцы" горада. Аднак у тым жа рашэнні гаворыцца, што стадыён - не для вулічных шэсцяў і дэманстрацый.
Юрыст гарвыканкама Ірына Барысюк мусіла прызнала, што адпаведнага калегіяльнага рашэння гарвыканкама не было, а быў адказ службовай асобы. Мала таго, спаслалася на тое, што, маўляў, ў той час вуліца Савецкая была закрытая на рэканструкцыю. Але як высвятлілі актывісты, па дадзеных заказчыка рэканструкцыі - упраўлення капітальнага будаўніцтва гарадскога ЖКГ - кавалак вуліцы ад вул. Маякоўскага да вул.Пушкінскай, дзе планаваўся марш "дробных хуліганаў" - быў прыняты ў эксплуатацыю па акту дзяржкамісіі напярэдадні падачы заявы (25 чэрвеня).
На думку праваабаронцы У.Вялічкіна, пазіцыя гарвыканкаму выглядае як няўдалая спроба вывернуцца з пікантнай сітуацыі.