Юры Чаусаў: «Германія ужо прызнае, што беларускія праваабаронцы непажаданыя асобы ў Еўропе?”
Праваабаронца Уладзімер Лабковіч і палітолаг Юры Чаусаў пракаментавалі ў інтэрвію “Польскаму радыё” адмову амбасады Германіі выдаць беларускім праваабаронцам шэнгенскія візы.
“Плянаваўся круглы стол з нашым удзелам для нямецкіх палітыкаў і журналістаў па выніках “выбараў”. Мы ажыцьцяўлялі маніторынг, наш прыезд у Бэрлін быў заплянаваным. Раней нам неаднаразова візы прадастаўляліся. Я гэта разглядаю як дзеяньне новага вэктару ў эўрапейскай палітыцы. Калі ўрады некаторых эўрапейскіх краінаў пачалі занадта моцнае супрацоўніцтва зь беларускім урадам, дык ім ня вельмі зручна, што будуць распавядаць пра тое, што ў Беларусі сытуацыя не зьмянілася”, - зазначыў Уладзімер Лабковіч.
Ён усё ж спадзяецца на вырашэньне праблемы. Тым часам палітоляг Юрась Чавусаў бачыць у гэтым інцыдэнце трывожны сыгнал. Зрэшты, атрымаць візу ў Эўропу для беларусаў і раней было няпроста.
“Працэдура прыніжальная. Шмат што залежыць ад амбасады. У Польскай ці Летувіскай – проста бюракратычныя працэдуры. А ў нямецкай – усё больш сурова й прыніжальна. Нават калі ў мяне было запрашэньне ад Эўрапарлямэнту, задавалі шмат асабістых пытаньняў. Шэнгенская сьцяна – рэальная рэч”, - сьцьвярджае Юрась Чавусаў.
Палітоляг лічыць, што, нягледзячы на ўсё, на Захадзе праўда пра “выбары” ў Беларусі ўсё ж кагосьці цікавіць.
“Казаць, што нікога, немагчыма. На Захадзе ёсьць людзі, якія хочуць ведаць праўду, і яны будуць яе ведаць. Праваабарончыя няўрадавыя арганізацыі ня спыняць пільнай увагі. Афіцыйныя стурктуры могуць моцна разьлічваць на дыялёг. Пытаньне дыялёгу вымагае не зьвяртаць увагі на парушэньні. Мажлівая сытуацыя, калі дыялёг робіцца самамэтай - ня зьмены ў Беларусі, а наяўнасьць камунікацыі”, - тлумачыць спадар Чавусаў.
На думку палітоляга, нямецкі бок і нямецкі амбасадар адыгрываюць ледзьве не цэнтральную ролю ў гэтым дыялёгу, і нельга выключаць, што ў візе адмовілі па палітычных прычынах. Аднак ён ня думае, што гэта спыніць данясеньне інфармацыі, бо сучасныя сродкі дазваляюць апэратыўна інфармаваць.
“Але дзіўная справа! Беларускі бок старанна будуе дэкарацыі лібэралізацыі, дэмакратызацыі, пазытыўных крокаў. Гэта дэкаратыўна й дэкляратыўна. Заходні бок... Такое адчуваньне, што заключаная нейкая дамова кшталту: «Беларускі бок, ад вас не патрабуецца рэальных зьменаў, зрабіце нешта дэманстратыўна, каб мы зачынілі гэтае пытаньне. Каб залішне актыўныя дзеячы ці палітыкі не патрабавалі ад нас больш жорсткай пазыцыі да Беларусі. І будзем далей гандляваць, наладжваць сувязі». Адмова ў візе – трывожны знак. Хіба Нямеччына ўжо прызнае, што беларускія праваабаронцы – непажаданыя асобы ў Эўропе? Чым яны могуць пашкодзіць? Тым, што скажуць праўду, як адбываліся выбары? Гэта мяне турбуе”, - занепакоены Юрась Чавусаў.
Нагадаем, у Амбасадзе Нямеччыны беларускім праваабаронцам адмовілі ў прадстаўленьні шэнгенскіх візаў без тлумачэньня прычынаў.
Праваабаронцы й журналісты зьбіраліся ў Нямеччыну 16 кастрычніка. Яны былі запрошаныя на Круглы стол, дзе павінна адбыцца абмеркаваньне мінулых парлямэнцкіх выбараў з удзелам дэпутатаў Бундэстагу. Візы не атрымалі ўсе чацьвёра запрошаных. Сярод іх журналісты Сяргей Сыс, Алена Лапцёнак, якія назіралі за выбарамі, а таксама праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.