Улады абвінавацілі АГП у недэмакратызме
Міністэрства юстыцыі даслала ліст на адрас Нацыянальнага камітэту АГП. Прадметам увагі зрабіліся паводзіны старшыні партыі Анатоля Лябедзькі.
Спасылаючыся на некаторыя публікацыі (на 'Белорусских новостях', радыё 'Свабода' і на нашым сайце www.ucpb.org), Міністэрства юстыцыі наракае на дзеянні Анатоля Лябедзькі: як гэта ён выйшаў на Кастрычніцкую плошчу, каб пратэставаць з нагоды фальсіфікацыяў на 'парламенцкіх выбарах'.
Міністэрства юстыцыі нагадала, што ў апаведнасці з заканадаўствам 'асоба, якая выступае ад імя юрыдычнай асобы, павінна дзейнічаць добрасумленна і разумна'.
На гэтай падставе начальнік Упраўлення грамадскіх аб'яднанняў А.Сліжэўскі, які падпісаў ліст, выказвае меркаванне, што АГП у сваёй дзейнасці не выконвае 'прынцыпы дэмакратызму і законнасці'.
Да таго ж гаворка ў лісце ідзе пра 'так званую 'Палітраду АДС''.
'Я насамрэч заклікаў 28 верасня выходзіць на акцыю пратэста, - кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька. - Але пры чым тут Аб'яднаная грамадзянская партыя? Што ж да АДС, дык, калі ў Міністэрства юстыцыі маецца заклапочанасць лёсам кааліцыі, няхай гэтае ведамства зробіць прапанову палітычным партыям афіцыйна яе зарэгістраваць. Такі падыход якраз і будзе адпавядаць прынцыпам дэмакратызму і законнасці'.