viasna on patreon

Слонім: страйкуюць рабочыя фабрыкі

2008 2008-10-09T13:17:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Каля 60 чалавек са швейнага цэху фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў стаяць зараз побач са Слонімскім райвыканкамам. Яны прынесьлі свае пісьмовыя патрабаваньні аб павышэньні заробку й паляпшэньні ўмоў працы старшыні райвыканкаму Мечыславу Касьцюку.

Сёньня раніцай работніцы швейнага цэху атрымалі разьлік за месяц і ўбачылі, што іх заробкі складаюць 170—200 тысяч рублёў. Як сказала нашаму радыё адна з работніц, Галіна, людзі болей ня могуць такога цярпець.

Галіна: “Мы напісалі, што нас не задавальняе заробак. Сюды прыйшлі швачкі, якія адпрацавалі па 15—20 гадоў і цяпер атрымліваюць па 170—200 тысяч рублёў. Не задавальняюць нас і ўмовы працы: зімой вельмі холадна ў цэху, тэмпэратура не вышэй за 15 градусаў. Летам сьпёка — няма ні кандыцыянэра, ні вэнтыляцыі, дах цячэ. Няма бытоўкі, прыбіральні нармальнай няма, вада толькі халодная. І не задавальняюць адносіны кіраўніцтва, бо абзываюць нас па-ўсякаму”.

Карэспандэнт: “А ці спрабавалі вы размаўляць з кіраўніцтвам фабрыкі?”

Галіна: “Нам кажуць, што фабрыка стратная, і больш нічога. І сказалі, што трэба яшчэ больш працаваць”.

Пакуль работніцам фабрыкі не ўдалося спаткацца з кіраўніцтвам райвыканкаму. Ім паведамілі, што ўсе ў ад’езьдзе. Але пісьмовыя патрабаваньні прыняў і зарэгістраваў юрыст райвыканкаму.

Са слоў работніц фабрыкі, сёньня страйкуе толькі адзін цэх, але да яго могуць далучыцца і іншыя, бо сытуацыя там падобная, толькі заробак яны атрымліваюць у іншы дзень.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства