Пракуратура пасылае журналістаў у КДБ
Адказ на чарговае патрабаванне вярнуць адабраную падчас сакавіцкага ператрусу маёмасць атрымаў днямі з пракуратуры Мінска сябра БАЖ з Баранавічаў Аляксей Белы.
У лісце за подпісам начальніка следчага аддзела пракуратуры Мінска Сяргея Іванова паведамляецца, што маёмасць, адабраная ў журналіста, знаходзіцца ў КДБ Рэспублікі Беларусь і можа быць вернутая супрацоўнікамі гэтага ведамства.
«Пракуратурай горада Мінска арышт на яе (маёмасць – заўвага прэс-службы БАЖ) не накладаўся, да матэрыялаў… крымінальнай справы ў якасці рэчавых доказаў, вынятыя ў Вас прадметы не далучаліся», — піша следчы Іваноў.
Сітуацыю, якая склалася з вяртаннем вынятай маёмасці Аляксей Белы лічыць «абсалютна ненармальнай».
«Ператрус ладзіўся на падставе “даручэння” намесніка пракурора Мінска А.Стука. Зараз жа сталічная пракуратура, папросту кажучы, умывае рукі. Паколькі пракуратура дала ўказанне забраць маёмасць, чаму яна не дае ўказанне яе вярнуць? Мне нават не паведамілі, дзе дакладна я магу забраць адабраныя ў мяне рэчы», — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу БАЖ Аляксей Белы.
Нагадаем, Аляксей Белы аказаўся ў ліку незалежных журналістаў, у кватэрах і офісах якіх 27-28 сакавіка супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы і забралі камп’ютарную тэхніку і іншыя рэчы. Усяго па Беларусі (з улікам журналістаў, якія знаходзіліся ў офісах, дзе ладзіліся ператрусы, і былі часова затрыманыя ці падвергнуліся іншаму ўціску з боку сілавікоў) тады пацярпелі больш за 25 прадстаўнікоў прэсы.
Паводле тлумачэнняў следчых, тэхніку забіралі для праверкі на прадмет дачынення да крымінальнай справы аб знявазе прэзідэнта Лукашэнкі. Справа была распачатая яшчэ ў жніўні 2005 г. па факце распаўсюд¬у у Інтэрнеце палітычных мультфільмаў, персанажы якіх былі падобныя да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.