viasna on patreon

БАЖ просіць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у нелегальным выпуску і распаўсюдзе газеты "Glos znad Niemna"

2005 2005-06-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) 23 чэрвеня звярнулася да шэрагу дзяржаўных ўстановаў з просьбай прыняць захады для спынення супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з нелегальным выпускам і распаўсюдам газеты "Glos znad Niemna", і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Зварот БАЖ накіраваны міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу, міністру сувязі Уладзіміру Ганчарэнку, старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Анатолю Тозіку, Генеральнаму пракурору Пятру Міклашэвічу, а таксама пракурору Гродзенскай вобласці, дырэктару Гродзенскага філіяла РУП "Белпошта" і дырэктару Гродзенскай друкарні.
Нагодай для звароту стала з'яўленне 10 і 17 чэрвеня двух запар нумароў газеты "Glos znad Niemna", друкаванне і распаўсюд якіх ажыццяўляліся без дазволу галоўнага рэдактара і без ведама заснавальніка - ГА "Саюз палякаў на Беларусі". БАЖ падкрэслівае, што гэта з'яўляецца парушэннем ч.7 арт. 25 Закона "Аб друку і іншых СМІ". Тое, што выданне было прынята ў друк без неабходнага дакументальнага афармлення юрыдычнай, тэхналагічнай і бухгалтарскай дакументацыі, "з'яўляецца грубым парушэннем патрабаванняў ажыццяўлення паліграфічнай дзейнасці... і дзейнасці ў галіне сувязі", - гаворыцца ў звароце. БАЖ нагадвае, што незаконны распаўсюд прадукцыі СМІ без дазволу на выхад у свет прызнаецца парушэннем заканадаўства аб СМІ ў адпаведнасці з арт. 50 закона "Аб друку і іншых СМІ" і цягне а сабою дысцыплінарную, адміністратыўную, крымінальную і іншую адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. "Тым не менш, пакуль звароты адказных асобаў рэдакцыі і заснавальніка газеты ў дзяржаўныя органы з заклікам спыніць парушэнні закона вынікаў не далі", - рэзюмуе БАЖ.
Арганізацыя просіць правесці праверку выкладзеных фактаў, зрабіць захады па прадухіленні такіх выпадкаў у будучым і прыцягнуць парушальнікаў да адказнасці.
Прэс-служба ГА" Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства