Літоўскім тэлежурналістам дагэтуль не вярнулі касету з запісам Дня Волі
Беларуская міліцыя да гэтага часу не вярнула відэакасету з запісам вулічнай дэманстрацыі ў Мінску з нагоды Дня Волі, адабраную сёлета 25 сакавіка ў акрэдытаванай здымачнай групы Літоўскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі (LRT). Беларускі бок ніяк не адрэагаваў і на афіцыйнае патрабаванне кіраўніцтва LRT кампенсаваць выдаткі на рамонт відэакамеры, зламанай у момант затрымання журналістаў LRT Руты Рыбачаўскене і Ёнаса Грышконіса.
Пра гэта ў гутарцы з
прэс-службай БАЖ 28 верасня паведаміла Рута Рыбачаўскене, якая зноў працавала на асвятленні вулічнай акцыі — гэтым разам на Кастрычніцкай плошчы ў дзень выбараў.
Нагадаем, карэспандэнт LRT Рута Рыбачаўскене і тэлеаператар Ёнас Грышконіс былі затрыманыя 25 сакавіка 2008 г. падчас разгону ў Мінску вулічнай дэманстрацыі. Разам з іншымі затрыманымі літоўскіх журналістаў адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе міліцыянты без складання пратаколу вынятку забралі ў іх касету з адзнятым на акцыі відэаматэрыялам. Таксама, па словах Р. Рыбачаўскене, у момант затрымання супрацоўнікі міліцыі пашкодзілі ім відэакамеру.
Гэты інцыдэнт выклікаў абурэнне МЗС Літвы. 26 сакавіка паслу Беларусі ў Літве Уладзіміру Дражыну была ўручана нота з патрабаваннем правесці расследаванне і вярнуць незаконна адабраную відэастужку. Адміністрацыя LRT таксама накіравала ў беларускую амбасаду ліст з просьбай высветліць прычыны інцыдэнту, вярнуць касету і кампенсаваць урон за сапсаваную відэакамеру.
22 красавіка беларускі амбасадар мусіў афіцыйна павыбачацца з нагоды здарэння. Кіраўніцтва LRT, аднак, зазначыла, што вусных прабачэнняў недастаткова і заявіла, што чакае вяртання касеты і кампенсацыі выдаткаў на рамонт камеры. Пра гэта гаварылася ў афіцыйным лісце ў беларускую амбасаду за подпісам дырэктара LRT Аўдруса Сяўрусявічуса.
Паводле Р. Рыбачаўскене, адказу на гэты ліст не паступіла дагэтуль.