ЗША могуць адмяніць санкцыі ў дачыненні беларускіх прадпрыемстваў
У бліжэйшы час ЗША могуць адмяніць санкцыі ў адносінах некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Такое меркаванне выказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.
"У сувязі з вызваленнем палітзняволеных мы пачалі працэс змякчэння санкцый, - сказаў дыпламат. - У дадзены момант я не прадбачу ніякіх планаў па ўвядзенні новых абмежаванняў. Наадварот, у Вашынгтоне ўвесь час вядзецца дыскусія пра далейшае прыпыненне санкцый пасля вызвалення палітзняволеных у жніўні".
Разам з тым, адзначыў спадар Мур, адмена санкцый патрабуе часу "з прычыны пэўных бюракратычных працэдураў". "Пакуль санкцыі ўсё яшчэ дзейнічаюць, і мы робім крокі, каб дамагчыся нейкага прагрэсу ў гэтых адносінах", - сказаў ён.
Паводле словаў часовага паверанага, гаворка ідзе не толькі аб эканамічных санкцыях, але і аб візавых абмежаваннях для некаторых беларускіх чыноўнікаў. "У нас два віды візавых абмежаванняў - санкцыі ў адносінах канкрэтных людзей і санкцыі ў адносінах пэўных катэгорый. Пакуль не было канчатковага выніку па рашэнні пытання з гэтымі санкцыямі, але дадзенае пытанне абмяркоўваецца ў Дзярждэпартаменце".