“Народную волю” не акрэдытавалі на прэс-канфэрэнцыю генпракурора
“Народная воля” інфармуе сваіх чытачоў пра парушэньне правоў журналістаў гэтага выданьня. Супрацоўніка газэты адмовіліся акрэдытаваць на прэс-канфэрэнцыю генэральнага пракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча, якая заплянавана на 23 чэрвеня. Афіцыйная прычына адмовы – адсутнасьць для карэспандэнта “Народнай волі” месца ў залі, дзе спадар Міклашэвіч будзе сустракацца з прадстаўнікамі мэдыяў. Газэта выказвае сумнеў наконт такой вэрсіі і зазначае, што прэс-канфэрэнцыя – гэта адкрытае мерапрыемства. Паводле “Народнай волі”, з трох апошніх генпракурораў толькі Алег Бажэлка пэрыядычна ладзіў сустрэчы з журналістамі. Што тычыцца Віктара Шэймана, які цяпер узначальвае прэзыдэнцкую Адміністрацыю, то ён не правёў ніводнай прэсавай канфэрэнцыі, нягледзячы на тое, што пытаньняў да яго ў журналістаў было процьма.