viasna on patreon

Гомель: Рукі, якія “зрабілі” выбары

2008 2008-09-30T11:28:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Што такое выбары, ведае нават першакласнік: гэта калі людзі прыходзяць у школу і галасуюць. Шмат для каго можа стаць адкрыццём, што выбары пачынаюцца задаўга да моманту галасавання. Гэтыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь IV склікання доўжыліся 3 месяцы. З моманту абвяшчэння. За гэты час не толькі шмат воды збегла, але і адбылося мноства парушэнняў выбарчага заканадаўства. Прынамсі на Гомельшчыне.

Рукамі работнікаў пошты

На 19 ліпеня быў прызначаны сход сяброў Гомельскай гарадской арганізацыі АГП. На ім павінен быў абмяркоўвацца ход выбарчай кампаніі. Але Гомельская пошта не даставіла сябрам АГП своечасова запрашэнні на агульны партыйны сход. Толькі адзін са 100 лістоў было дастаўлены адрасату ў тэрмін.

- У аўторак, 15-га ліпеня, я скарысталася паслугамі 47-го аддзяленні сувязі, каб адправіць запрашэнні нашым сябрам, - гаворыць Зінаіда Шуміліна, сакратар Гомельскай гарадской арганізацыі АГП. - Звычайна мы апавяшчаем сяброў АГП праз пошту, і ні разу не ўзнікала падобных праблем. У гэты раз своечасова дайшоў толькі адзін ліст у вёску Яроміна Гомельскага раёна. Ніхто з гамяльчан, па нашых дадзеных, лістоў не атрымаў. На ўсіх канвертах быў указаны адрас адправіцеля.

Рукамі міліцыі

Пасля выбуху 3 чэрвеня ў Менску ў міліцыі з'явілася магчымасць легальна "тузаць" удзельнікаў перадвыбарчага працэсу ад дэмакратычных сіл. У Гомелі ўсё пачалося ў ліпені. Адразу пасля рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Сяброў ініцыятыўных груп апазіцыйных вылучэнцаў выклікаюць па тэлефоне ў міліцыю, бяруць тлумачэнні і ўзоры сліны.

30 і 31 ліпеня ў Савецкі РАУС былі выкліканыя сябры ініцыятыўнай групы Васіля Палякова, прэтэндэнта ад АДС па 34-ай акрузе. Наталлі Шчукінйй і Таццяне Церашковай дахаты тэлефанаваў супрацоўнік міліцыі. Ён, не прадстаўляючыся, паведаміў, што жанчынам неабходна з'явіцца ў Савецкі РАУС. Па якім пытанні, тэлефанаваўшы не растлумачыў.

На сустрэчы старэйшы оперупаўнаважаны Ягор Маслюкоў пытаўся, дзе знаходзіўся "суразмоўца" у ноч з 3 на 4 ліпеня, хто гэта можа пацвердзіць. Пасля прапанаваў здаць аналіз сліны і адбіткі пальцаў. Па выніках гутаркі пратакол не афармляўся.

22 ліпеня на такой жа падставе ў гэты жа РАУС быў выкліканы Сяргей Сергіенка, прэтэндэнт у кандыдаты ад АДС па 35-ай акрузе. Яго выклікалі, як і патрабуе закон, па позве. Тады гэтак жа была праведзеная працэдура дактыласкапіі і не быў складзены пратакол апытання. Таксама свае тлумачэнні давалі К. Жукоўскі (кандыдат у дэпутаты), на гутарку запрашалі двух сяброў яго ініцыятыўнай групы - З. Трыфанава і М. Тульжанкову.

"Галоўнага сведку" па гэтай справе аб выбуху дапыталі 4 жніўня. Аднак Савецкі РАУС г. працягвае выклікаць на гутаркі актывістаў дэмсіл. Гэтым разам выклікалі Ўладзіміра Шыцікава, назіральніка па 33-й акрузе. Супрацоўнік Савецкага РАУС Каптуноў Ягор растлумачыў, што допытам сведак займаецца практычна ўвесь аддзел, у якім ён працуе. "Следства яшчэ вядзецца, і справа не закрыта", - так пракаментаваў Ягор Каптуноў сітуацыю, чаму працягваюцца выклікі "сведак", у то час як "галоўны" ўжо дапытаны.

Рукамі лекараў і працаўнікоў дзіцячых садоў

Вылучацца кандыдатам у дэпутаты можна трыма шляхамі: ад 1000 і больш грамадзян праз збор подпісаў, ад працоўнага калектыва і ад партыі. Цікава, што вылучэнцы ад улады выкарысталі некалькі варыянтаў. Так, ужо пераможца па 33-й акрузе Аляксандр Шаўко вылучаўся і ад працоўных калектываў і ад грамадзян. А Ларысе Кузняцовай, якая перамагла ў 34-й акрузе з 54-мя адсоткамі, для вылучэння хапіла толькі подпісаў. Сябры ініцыятыўнай групы Ларысы Кузняцовай выкарысталі адміністрацыйны рэсурс і дэзінфармавалі выбарўчыкаў. Назіральнік па 34-й акрузе Андрэй Толчын заяўляе:

- Работнік дзіцячай дашкольнай установы, якая размешчана на тэрыторыі гэтай акругі, звярнуўся да мяне. Ён распавёў, што ў дзіцячы сад прыйшоў зборшчык подпісаў за Кузняцову. Цікава, што зборшчык адначасова з'яўляецца работнікам кіруючага звяна адміністрацыі Савецкага раёна г. Гомеля. Зборшчык папрасіў паставіць подпіс за Кузняцову - чалавек адмовіўся. Тады загадчыца гэтым дзіцячым садком настойліва "параіла" падпісацца, інакш будуць "цяжкасці" на працы. Работнік дадзенага дзіцячага садку пажадаў застацца ананімным.

Таксама вядомы выпадак, калі зборшчык подпісаў за Кузняцову дэзінфармаваў выбаршчыка.

- Мне сказалі, што я не маю права падпісвацца за іншых кандыдатаў, што я ўжо выкарыстаў сваё права вылучыць кандыдата, падпісаўшыся за Кузняцову, - гаворыць выбаршчык, які пражывае ў Савецкім раёне, па вул. Праспект Кастрычніка.

Выбаршчык дадаў, што Ларыса Кузняцова была прадстаўленая як настаўніца, а не як чыноўнік або дзеючы дэпутат. Гэта часткова адпавядае праўдзе.

"Нельга падпісвацца за Варанца" - гаварыла галоўдоктар медсёстрам у Добрушкой раённай лякарні. 20 жніўня Ала Маскаленка выклікала да сабе на прыватную гутарку супрацоўніц сваёй бальніцы. Гэтыя 6 маладых дзяўчат паставілі свае подпісы за вылучэнне Адама Варанца кандыдатам у дэпутаты па Гомельскай-Сельскай акрузе № 37. Сутнасць гутаркі галоўдоктара з падпарадкаванымі была ў тым, што дзяўчаты не мелі права падпісвацца за гэтага чалавека, бо працуюць у дзяржаўнай установе і звязаныя з ёй працоўнымі адносінамі - кантрактам. Адклікаць свае подпісы галоўдоктар не прапаноўвала.

Рукамі акул пяра

Яшчэ да рэгістрацыі Ларысы Кузняцовай як кандыдата ў дэпутаты ў гарадской прэсе з'явіўся артыкул, падобны на матэрыял перадвыбарнай агітацыі. Так, у газеце "Гомельскія Ведамасці" (№ 83 за 26 ліпеня), заснавальнікам якой з'яўляецца Гомельскі гарадскі выканкам і гарадскі Савет дэпутатаў, знаходзім артыкул "Паміж Гомелем і Менскам". Гэта інтэрв'ю з Ларысай Кузняцовай, якое займае ўсю паласу А3. Вялікая частка інтэрв'ю прысвечана яе біяграфіі, прафесійным дасягненням, дэпутацкай працы ў Парламенце, яе законатворчым дасягненням і планам на будучыню.

7 жніўня рэгіянальныя дзяржаўныя газеты Гомеля прадставілі інтэрв'ю з Таццянай Філімончык - ужо абраным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а тады кіраўніком Адміністрацыі Савецкага раёна. А 5 жніўня мясцовае аддзяленне тэлеканала "ЛАД" паказала сюжэт з гэтай жа гераіняй.

Падставай для публікацыі такіх інтэрв'ю ў газетах "Гомельская праўда" і "Гомельскія ведамасці" стаў 35-гадовы юбілей Савецкага раёна, адміністрацыю якога і ўзначальвае Таццяна Філімончык. Святкаванне гэтай даты было прызначана на 20 верасня, гэта значыць інтэрв'ю з'явілася за 44 дні да юбілею.

Рукамі акруговых камісій

Прэтэндэнтаў у кандыдаты рэгістравалі ўвогуле ахвотна. За выключэннем акруговай камісіі № 33. Вылучэнец ад АДС Пётр Кузняцоў атрымаў адмову ў рэгістрацыі тройчы. У першы раз 22 ліпеня яму адмовілі з-за недакладнасці афармлення дакументаў. 25 ліпеня яму адмовілі другі раз. Падставай стала адмова 2 сяброў ініцыятыўнай групы ад удзелу ў працэсе. У камісіі сцвярджаюць, што маюцца заявы гэтых двух чалавек. Аднак Пятру Кузняцову камісія не прадстаўляе гэтыя дакументы ні для капіявання, ні для азнаямлення.

Прычыны, якія прымусілі сяброў ініцыятыўнай групы напісаць такія заявы, невядомыя.

- З гэтымі людзьмі ў мяне была цвёрдая дамоўленасць, і іх адмова стала для мяне нечаканасцю, - гаворыць Пётр Кузняцоў. - Я дапускаю, што на іх быў аказаны ціск. Аднак аб'ектыўных прычын для "нерэгістрацыі" няма. У гэтай камісіі адвольна тлумачаць закон: у маёй групе 53 чалавекі, і трэба было б 46 такіх заяваў аб адмовах, каб не зарэгістраваць па законе.

У трэці раз яму адмовіла ЦВК.

Рукамі раённых адміністрацый

Яшчэ цікавей атрымалася са стварэннем участковых камісій - тых запаветных "груповак" грамадзян, што займаюцца падлікам галасоў.

Ні аднаго прадстаўніка АДС не ўключылі ў склад участковых камісій. З 83 прэтэндэнтаў у сябры ўчастковых выбарчых камісій улады Гомеля ні аднаго не ўключылі. На ўсіх 222 участках працавалі вылучэнцы працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў, грамадзян і ўлады, не якія адносяцца да дэмсіл Беларусі.

Паседжанні раённых адміністрацый Гомеля адбыліся 13 жніўня. Інфармацыя, калі і ў якім менавіта месцы пройдуць такія мерапрыемствы, была "закрытая" нават для сяброў акруговых камісій. Так, Прынесліка Міхаіла, сябра 35-й акруговай камісіі, які вылучаўся ад АГП, не паставілі ў вядомасць аб даце і часу будучага паседжання.

7 з больш чым 200 заяўленых вылучэнцаў ад АДС былі ўключаныя ў склад участковых камісій Гомельскай вобласці - у Рэчыцы, Рагачове і Лельчыцах. Усяго па вобласці ад АДС вылучалася 214 прадстаўнікоў.

- Улады вельмі не зацікаўленыя ў людзях, якія маюць досвед працы на ўчастках і ведаюць усе тэхналагічныя тонкасці фальсіфікацый, - гаворыць Васіль Палякаў, сябра кардынацыйнай рады АДС па Гомельскай вобласці. - А большасць з прадстаўленых намі кандыдатаў маюць досвед працы ў камісіях, ведаюць выбарчае заканадаўства, прафесіяналы ў гэтым пытанні.

Рукамі саміх сяброў камісій

Пытанне, хто перамог у гэтых выбарах, а хто прайграў, было б другарадным, калі б сябры камісіі не фальсіфікавалі яўку выбаршчыкаў. У Савецкай 34-й акрузе яўка склала 52,7%, па афіцыйных дадзеных. Аднак у гэтай акрузе вёўся паралельны падлік прагаласаваўшых на 11 участках. Па дадзеных незалежных назіральнікаў, яўка ў гэтай акрузе склала 37,8%. Па беларускім заканадаўстве выбары лічацца неадбыўшыміся, калі прагаласуюць меней 50% выбаршчыкаў. Афіцыйна ў Гомелі выбары не адбыліся толькі на 2-х участках - на 29-м і 30-м. Там, як гавораць незалежныя назіральнікі, камісіі проста не змаглі пайсці на насуперак сумленню. Дык ці варта ўстрайваць усё гэта "светапрадстаўленне", калі народу глыбока фіялетава.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства