Баранавічы: Старшыня акруговай камісіі “працаваў” усю ноч у адзіноце
Толькі ў 10-30 раніцы 29 верасня сабраліся і падпісалі выніковы пратакол сябры Баранавіцкай сельскай акруговай камісіі № 7 (Баранавіцкі і Ляхавіцкі раёны). Старшыня камісіі Пётр Дубоўскі з вечара, 28 верасня, адпусціў усіх сябраў камісіі дадому ў сувязі з тым, што “з адной з вёсак пратакол і бюлетэні не давезлі”. Было вырашана, што пратакол акруговая камісія падпіша на наступны дзень у 10.00. Але ў прызначаны час ні старшыні, ні намесніка, ні сакратара камісіі яшчэ не было. Падышлі яны толькі праз паўгадзіны і прапанавалі падпісаць падрыхтаваны дакумент. І падпісалі, не бачачы нават у вочы пратаколаў з выбарчых участкаў, якія пасля 20-00 28.09.2008г. збіраў старшыня камісіі і нікому не паказваў! Пры гэтым ніхто з сябраў камісіі нават не пацікавіўся, што падпісваюць, чаму такія важныя дакументы нікім ноччу з камісіі не ахоўваліся. Абыякавасць (а магчыма так і было задумана) да выкананняў абавязкаў і прыводзіць да таго, што старшыні (а гэта ж свае людзі!) робяць усё, што ім патрэбна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”