viasna on patreon

У Гомелі адмовіліся ўзяць на працу актывістку моладзевага руху “Лімон”

2005 2005-06-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскі гарадзкі аддзел адукацыі адмовіўся прыняць на працу выпускніцу ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, актывістку незарэгістраванага моладзевага руху “Лімон” Юлію Сівец.

Вясною, калі адбывалася афіцыйнае разьмеркаваньне выпускнікоў філфаку, гарадзкі аддзел адукацыі даслаў ва ўнівэрсытэт пэрсанальную замову на філёляга Юлію Сівец. Аднак на днях аддзел адукацыі адклікаў сваю замову.

Загадчык аддзелу адукацыі гарвыканкаму Анатоль Шэвель адмаўляе сувязь паміж грамадзкай дзейнасьцю выпускніцы Сівец і ўладкаваньнем на працу ў гарадзкой школе і тлумачыць прычыну адмовы адсутнасцю вакансій пасля правядзеньня камплектацыі школаў у траўні — пачатку чэрвеня, а разьмеркаваньне выпускнікоў праходзіць да камплектацыі школаў.

Сама выпускніца ўнівэрсытэту не зьдзіўляецца падобным тлумачэньням і абсалютна ўпэўнена, што сапраўднай прычынай з’яўляецца яе грамадзка-палітычная дзейнасьць. Юля Сівец кажа: “Канечне, яны знойдуць нейкую афіцыйную прычыну, каб мяне пераразьмеркаваць у глухое месца. Так робіцца паўсюдна, і ня толькі ў зьвязку з разьмеркаваньнем. Тое ж самае робіцца і з выключэньнямі з унівэрсытэтаў. Ніхто ня кажа, што за грамадзка-палітычную дзейнасьць. Выключаюць, напрыклад, за тое, што не пасьпеў здаць іспыты ці яшчэ за нешта такое іншае”.

Будучы студэнткаю, Юлія сапраўды актыўна ўдзельнічала ў розных грамадзка-палітычных акцыях незарэгістраванага моладзевага руху “Лімон”. Яе неаднаразова затрымлівала міліцыя за раздачу ўлётак. Падчас леташняй выбарчай кампаніі ў парлямэнт Юлія была даверанай асобаю кандыдата ў дэпутаты ад кааліцыі “Пяцёрка плюс”, пісала нават заяву ў рэктарат з просьбаю дазволіць на час выбараў вольнае наведваньне заняткаў. Калі ёй адмовілі, напісала на ўнівэрсытэт скаргу ў пракуратуру. Па звестках Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства