Беларуска-расейская праваабарончая камісія Савету пры прэзыдэнце Расеі пачынае працу
Створаная на пачатку чэрвеня ў Маскве грамадзкая беларуска-расейская праваабарончая камісія Савету пры прэзыдэнце Расеі ў справе садзейнічаньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека апублікавала 21 чэрвеня свой першы дакумэнт – афіцыйную заяву, паведаміла Радыё Свабода.
Гэтую заяву ўхваліў Савет пры прэзыдэнце Расеі, якім кіруе Эла Памфілава. У ёй гаворыцца, што цягам шэрагу гадоў беларускія праваахоўныя органы не могуць адказаць на пытаньне пра лёс зьніклых вядомых палітыкаў. Адначасова ў Беларусі працягваюцца палітычныя "зачысткі". У месцах зьняволеньня знаходзяцца вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі, некаторыя асуджаны, а супраць іншых узбуджаны крымінальныя справы.
"Выклікае абурэньне той факт, што ўлады ў парушэньне міжнародных прававых і этычных нормаў фактычна ігнаруюць пратэст былога дэпутата Сяргея Скрабца, які ўжо больш за 30 дзён знаходзіцца пад вартай і праводзіць галадоўку пратэсту”, – гаворыцца ў заяве.
Сябра гэтай камісіі, намесьнік старшыні Беларускага Хельсынскага камітэту Гары Паганяйла, ацэньваючы магчымасьці пошуку зьніклых палітыкаў, асабліва вялікіх ілюзій ня мае, але лічыць сам факт супрацоўніцтва Расеі ў гэтых пытаньнях добрым крокам.
У дакумэнце гаворыцца, што дзейнасьць супольнай камісіі будзе сканцэнтравана на пяцёх кірунках. Адзін з іх -- выбарчае заканадаўства Беларусі. Паколькі Беларусь ухілілася ад падпісаньня выбарчай канвэнцыі ў рамках СНД, то мінімальныя прававыя стандарты, якія б дазвалялі прызнаць беларускія выбары і рэфэрэндумы дэмакратычнымі, адсутнічаюць. Расея і краіны СНД ніколі не арганізоўвалі доўгатэрміновага назіраньня за беларускімі выбарамі і рэфэрэндумамі.
Другім істотным кірункам камісіі будзе абарона свабоды сродкаў масавай інфармацыі. У заяве адзначаецца, што ў Беларусі практычна не функцыянуе інстытут недзяржаўных грамадзка-палітычных мэдыяў. Рашэньнем беларускага ўраду спыненая праца карпункта РТР, за апошнія некалькі гадоў зь Беларусі дэпартаваныя некалькі расейскіх тэлежурналістаў. У цэлым істотна скарочаны час вяшчаньня расейскіх тэлеканалаў, спынена вяшчаньне шэрагу радыёстанцый, а ў некаторых расейскіх газэтаў узьніклі праблемы з адкрыцьцём карпунктаў у Менску.
Яшчэ адзін накірунак дзейнасьці камісіі зьвязаны са свабодай асацыяцый. У заяве гаворыцца, што ў Беларусі паэтапна ліквідуюцца ўмовы для існаваньня і нармальнай дзейнасьці незалежных грамадзкіх і праваабарончых арганізацый.
Справай камісіі будзе абарона правоў расейцаў у Беларусі і беларусаў у Расеі. Да прыкладу, расейцы ў Беларусі не могуць скарыстацца паслугамі расейскіх адвакатаў, што істотна абмяжоўвае іх права на судовую абарону. Дагэтуль ніводная арганізацыя не займалася маніторынгам парушэньняў правоў расейцаў у Беларусі і беларусаў у Расеі і абаронай гэтых правоў.
У сваей дзейнасьці камісія плянуе арыентавацца на супрацоўніцтва з шырокімі слаямі беларуска-расейскай грамадзкасьці. Паседжаньні камісіі адкрытыя для ўдзелу зацікаўленых прадстаўнікоў грамадзкіх і праваабарончых арганізацый, афіцыйных органаў і экспэртных колаў абедзьвюх краін. Забесьпячэньне дзейнасьці камісіі ўскладзена на дзейны пад эгідай Савета пры прэзыдэнце Расеі міжнародны праваабарончы цэнтар. Сустаршынямі камісіі абраны палітоляг Сяргей Караганаў і генэрал Валеры Паўлаў, каардынатар сувязяў беларускіх дэмакратычных рухаў з Расеяй. У склад камісіі ўвайшлі шэраг вядомых асобаў з Расеі і Беларусі, сярод іх, са статусам назіральніка, упаўнаважаны ў правох чалавека Расеі Уладзімер Лукін.