Драгічын: Міліцыянты парушылі закон – падцвердзілі акруговая камісія і пракуратура
Пракуратура і акруговая камісія прызналі, што міліцыянты парушылі артыкул 49 Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.Такая выснова ўтрымліваецца ў адказе на заяву ў выбарчую камісію і пракуратуру, які атрымалі Пракопчык В. і Рамановіч А. – давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты ў ППНС РБ Казекі В. Супрацоўнікам міліцыі -- оперупаўнаважанаму Мартыновічу А. і старэйшаму ўчастковаму інспектару Вакульчыку С. вынесеныя афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння закона. Пракуратура не знайшла прычынаў, па якіх патрэбна прыцягнуць міліцыянтаў да адміністратыўнай адказнасці, як таго патрабавалі актывісты.
Нагадаем, 21 верасня давераныя асобы Казекі В. – Пракопчык В. і Рамановіч А. – былі затрыманыя ў цэнтры г. Драгічына за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў за кандыдата. Міліцыянты пагражалі затрымаць актывістаў і пасадзіць на 15 сутак. Скаргу на неправамоцныя дзеянні міліцыянтаў актывісты накіравалі ў акруговую выбарчую камісію і пракуратуру. Яны таксама патрабавалі прыцягнуць міліцыянтаў да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.10 КаАП РБ.
Акруговая камісія парэкамэндавала начальніку Драгічынскага РАУС “правесці тлумачальную працу з асабістым складам аб правядзенні агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі”. Пракуратура ў сваю чаргу направіла ліст да начальніка Драгічынскага РАУС з патрабаваннем “тэрміновага правядзення з асабістым складам РАЗС вывучэння заканадаўства аб выбарах (а дакладна Артыкулаў 45-47 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь)”.
Актывісты Пракопчык В. і Рамановіч А. добра вядомыя для міліцыянтаў па актыўнай грамадскай дзейнасці і сяброўству ў Партыі БНФ. Міліцыянты затрымлівалі актывістаў неаднаразова падчас іншых грамадска важных падзей, відаць, і на гэты раз падумалі, што затрыманне пройдзе безпакарана.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”