АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ШТОГАДОВАГА АГЛЯДУ-ХРОНІКІ ПАРУШЭННЯЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ Ў 2004 ГОДЗЕ
7 чэрвеня а 16 гадзіне адбылася прэзентацыя Агляду-Хронікі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, выдадзеная на трох мовах, якую штогод рыхтуе Праваабарончы Цэнтр “Вясна”. На ёй выступілі Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ “Вясна”, Валянцін Стэфановіч, юрыст ПЦ “Вясна”, а таксама Павел Марыніч, сын Міхаіла Марыніча і праваабаронца Валеры Шчукін.
“Кніга пярэчыць той абманлівай цішыні, якая пануе на менскіх вуліцах, - сказаў Алесь Бяляцкі. – Насамрэч, памеры Агляду-Хронікі, а ў гэтым годзе кніга выйшла на 375 старонках, сведчаць пра тое, што правы парушаюцца, і сітуацыя штодня пагаршаецца.”
Сапраўды, ў параўнанні з першым выданнем Агляду-Хронікі, які пабачыў свет у 1998 годзе і налічваў усяго толькі 39 старонак, негатыўная дынаміка з правамі чалавека ў нашай краіне відавочная. Сёмы “Агляд” адрозніваецца не толькі памерамі. У гэтым годзе замест папярэдняй тэматычнай схемы размяшчэння інфармацыі складальнікі хронікі ужылі храналагічны прынцып. “Я лічу такі падыход удалым, - кажа А. Бяляцкі. – Дзякуючы храналагічнаму прынцыпу можна даведаца, што і як адбывалася ў кожны канкрэтны дзень мінулага году.” А. Бяляцкі назваў некалькі прычынаў, якія, на яго погляд, робяць выданне значным.
Найперш -- гэта тое, што хроніка злачынстваў рэжыму спатрэбіцца дзеля таго, каб у будучым былі пачатыя разбіральніцтвы па справах несправядлівых дзеянняў у дачыненні да грамадзянаў нашай краіны. Па-другае – гэта помнік тым, хто штодзень вядзе барацьбу з рэжымам. “За гэтымі прозвішчамі рэальныя лёсы і рэальнае змаганне,” – кажа А. Бяляцкі. Па-трэцяе -- штогадовыя выданні “Агляду-хронікі” рэальна ўплываюць на ўнутранную і замежную палітыку ў дачыненні Беларусі.
У стварэнні Агляду-Хронікі прынялі ўдзел 18 філіяў “Вясны”, якія працуюць па ўсёй Беларусі. Таксама выкарыстаная інфармацыя партнёрскіх праваабарончых арганізацыяў і СМІ.
Валянцін Стэфановіч падчас свайго выступу паведаміў, што ўчора 6 чэрвеня прэзентацыя Агляду-Хронікі адбылася ў Сэнаце Чэскай Рэспублікі. “Зараз у нашай краіне 8 палітвязняў адбываюць пакаранне. Пры разглядзе справаў суддзі не абцяжарваюць сябе пошукам нагодаў для прысуду,” – сказаў В. Стэфановіч. Юрыст таксама зазначыў, што апошнім часам абвострылася сітуацыя ў навучальных установах. “Набірае сілу цэнзура, студэнты пазбаўленыя шмат якіх акадэмічных свабодаў. Пра гэта гавораць факты галадоўкі навучэнцаў у Жодзіне і ціск на студэнтку журфаку БДУ Алену Андрэеву, якой пагражае выключэнне з універсітэту за грамадскую актыўнасць.”
“Гэтая кніга – помнік людзям, якія штодня змагаюцца з рэжымам, ” – сказаў у заключэнні сын рэпрэсаванага палітыка Павел Марыніч.