Гарадзенскаму актывісту Міколу Ворану пагражаюць апісаньнем маёмасьці.
Удзельнік “Ланцуга неабыякавых людзей” Мікола Воран, пакараны Гарадзенскім судом Кастрычніцкага раёну дваццацю пяцю базавымі велічынямі за акцыю, якая адбылася 7 траўня 2005 году з нагоды шостых угодкаў зьнікненьня Юры Захаранкі, атрымаў паведамленне за подпісам судовай выканаўцы В. Курыловіч.
У ім сказана, што калі спадар Воран не выплаціць штраф, то да яго будуць прынятыя адпаведныя меры, адной з якіх можа быць апісаньне маёмасьці. Пры асабістай сустрэчы судовая выканаўца ў жорсцкім ультыматыўным тоне пагражала спадару Ворану ўжо на гэтым тыдні прыступіць да выкананьня рашэньня суда.
Мікола Воран лічыць рашэньне суда не юрыдычным, а палітычным і таму зьбіраецца абскарджваць яго ў Гарадзенскім абласным судзе. У разе адмоўнага рашэньня Гарадзенскага абласнога суда, удзельнік акцыі мяркуе скардзіцца ў Вярхоўны суд краіны.