Гомель: Акруговая камісія забараняе агітаваць супраць кандыдата ад ўлады
22 верасня старшыня акруговай камісіі Гомельскай-Савецкай выбарчай акругі №34 Мікалай Малый не пусціў групу грамадзян ў памяшканне ДК “Фестывальны”, якое прызначана для перадвыбарчых мерапрыемстваў. На запланаваным мерапрыемстве арганізатары збіраліся агітаваць супраць кандыдата ад ўлады Ларысы Кузняцовай. Арганізатар серапрыемства Уладзімір Кацора і выступоўца Аляксандр Мілінкевіч вымушаны былі праводзіць сустрэчу на вуліцы.
Падобнае мерапрыемства – прэцыдэнт у сёлетняй палітычнай кампаніі: ініцыятыва агітаваць супраць кандыдата пайшла знізу, ад саміх выбаршчыкаў. Пра намер правесці сустрэчу грамадзян з Мілінкевічам спадар Кацора паведаміў у акруговую камісію. 19 верасня яе старшыня Мікалай Малый напісаў ліст Уладзіміру Кацоры, дзе патлумачыў, што Кацора не кандыдат і не давераная асоба, каб яго і групу грамадзян пускаць у ДК “Фестывальны”. Спадар Кацора кажа, што закон дазваляе агітаваць супраць любога кандыдата каму заўгодна:
– На маю думку, пускаць ці не нас ў зал – гэта не справа Мікалая Малага. Мяркую, рашэнне прымалася не ў акруговай камісіі, а вышэй, у абвыканкаме. Гэтае рашэнне палітычнае.
Раніцай 22 верасня міліцыянты папярэдзілі Уладзіміра Кацору пра адміністрацыйную адказнасць. Пратакол аб парушэнні ён чакае пасля выбараў 28 верасня.
Паглядзець на агітацыю супраць кандыдата ад ўлады прыйшлі каля 50 чалавек. Сярод іх супрацоўнік міліцыі, які увесь час здымаў твары прысутных. Такія здымкі гомельская міліцыя выкарыстоўвае для абвінавачання людзей ва ўдзеле і арганізацыі несанкцыянаваных мерапрыемстваў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”