19 студзеня будзе роўна год, як зьнік бяз вестак Юры Кобан -- кіраўнік Віцебскай моладзевай арганізацыі “Контур”, намесьнік кіраўніка Віцебскага гарадзкога аддзяленьня Партыі БНФ. Ён знаходзіцца ў вышуку сьледчага аддзелу Упраўленьня дэпартаменту фінансавых расьследванняў КГК РБ па Віцебскай вобласьці.
Аб знікненні Юрыя Корбана.
19 студзеня 2002 году Юры Корбан, 1978 года нараджэньня, кіраўнік моладзевай арганізацыі “Контур”, намесьнік кіраўніка віцебскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ знаходзіўся ў кватэры №56 па вуліцы Лакаматыўнай дом 7 корп. 4 у Віцебску. Каля 21 гадзіны ён пазваніў дадому і паведаміў, што прыедзе дзесьці к 23 гадзіне, але так і не вярнуўся. Маці званіла на гэтую кватэру ўвечары і раніцай – ніхто не адказваў. Кватэра здаецца пад ахову, у выпадку, калі сігналізацыя спрацоўвае, служба аховы без гаспадароў у кватэру не заходзіць.
20 студзеня бацькі Юрыя паехалі на Лакаматыўную, але нікога там ня ўбачылі. Знайшлі толькі акт аб тым, што ноччу спрацавала сігналізацыя ( каля 3 гадзін ) і раніцай таксама а 7 гадзіне. На пытаньне, чаму службоўцы аховы ўвайшлі ў кватэру без гаспадароў, адказалі, што ў іх новы супрацоўнік, і ён яшчэ не зусім дасканала ведае спецыфіку службы. Сьлядоў беспарадку ў кватэры ня вынайдзена, усе рэчы былі на месцы.
24 студзеня Ніна Корбан напісала заяву аб знікненьні сына Юрыя ў Чыгуначны РАУС г.Віцебск.
12 лютага Пракуратурай Чыгуначнага раёну Віцебску была ўзбуджаная справа № 102013020125 аб прапаўшым бяз вестак Ю.Корбане. Адразу ж Пракуратура Віцебскай вобласьці просіць узяць расьследванне дадзенай справы на кантроль і праінфармаваць аб выніках ( ліст 19р-2002 ад 04.03.02 ).
27 сакавіка намесьнік пракурора Чыгуначнага раёну М.Федарэнка паведаміў маці зьніклага Ніне Корбан, што крымінальная справа, узбуджаная па факце зьнікненьня яе сына Корбана Ю.В. знаходзіцца ў вытворчасьці аддзелу па Чыгуначнаму раёну Упраўленьня сьледчага камітэту.
16.04.02 сьледчы па Чыгуначнаму раёну УСК МУС РБ А.Харытановіч уведаміў Ніну Корбан аб тым, што крымінальная справа 102013020125, узбуджаная 12 лютага 2002 году па справе зьнікненьня яе сына Ю.Корбана прыпынена 12 красавіка 2002 году па п.6 ч.1 арт.246 УПК Рэспублікі Беларусь у сувязі з сканчэньнем двухмесячнага тэрміну папярэдняга расьследваньня. Пасьля абскарджаньня пастановы справа была адноўленая ў вытворчасьці, тэрмін дадатковага расьследваньня ўстаноўлены да 26.05.2002 г.
Ю.Корбан знаходзіўся ў вышуку як прапаўшы бяз вестак з 3.02. па 21.03.2002г. Рашэньнем пракуратуры Віцебскай вобласьці і УУС Віцебскага аблвыканкаму пошук прапаўшага бяз вестак спынены на падставе таго, што апошні аб’яўлены ў вышук сьледчым аддзелам Упраўленьня дэпартаменту фінансавых расьследваньняў КГК РБ па Віцебскай вобласьці як абвінавачаны па арт.243 ч.1 КК РБ і які ўхіліўся ад сьледзтва. На чарговую скаргу маці аб непрыняцьці належных дзеяньняў к вышуку сьледчы Харытановіч 27 траўня ўведаміў, што справа 102013020125 прыпыненая 26 траўня 2002 году на падставе п.6 ч.1 арт.246 УПК РБ у сувязі з адсутнасьцю выніку пошуку прапаўшага бяз вестак.
Пасьля наступнай скаргі Ніны Корбан Упраўленьне сьледчага камітэту МУС вывучыла справу, прыпыненую сьледчым А.Харытановічам 27.05.2002 году. Згодна адказу начальніка Упраўленьня, ім дадзенае ўказаньне аднавіць папярэдняе сьледзтва, выкананьне канкрэтных сьледчых дзеяньняў і аператыўных мерапрыемстваў. У межах новай крымінальнай справы працягваецца пошук гр-на Корбана Ю.В. Аб выніках расьследваньня крымінальнай справы мусіць паведаміць асоба, якая будзе ажыцьцяўляць расьследваньне.
Віцебскае абласное аддзяленьне ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”