viasna on patreon

Новыя дыскі сэрыі «Беларускі Музычны Архіў»

2008 2008-09-19T17:05:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Лэйбл «Беларуская Музычная Альтэрнатыва» рыхтуе да выданьня новыя CD сэрыі «Беларускі Музычны Архіў». Нагадаем, што ўжо выйшлі архіўныя дыскі клясычнай музыкі Міхася Забэйды-Суміцкага, Міколы Равенскага, Станіслава Манюшкі, папулярныя сьпевы пад гітару Сяржука Сокалава-Воюша, Віктара Шалкевіча, Данчыка ды г.д. Асобны накірунак складаюць CD-прысьвячэньні паэтам Ларысе Ґеніюш, Сяргею Новіку-Пяюну. Як правіла, выдаюцца рарытэтныя, адрэстаўраваныя запісы. На дадзены момант ідзе праца над альбомамі, прысьвечанымі выбітнаму грамадзкаму дзеячу ХІХ стагодзьдзя Кастусю Каліноўскаму і вялікай паэтцы ХХ стагодзьдзя Натальлі Арсеньневай. Таксама падрыхтаваны дыск леґендарнай МРОІ «28-я зорка».

Гаворыць Віталь Супрановіч:

– Падставай выданьня дадзеных кружэлак сталі два юбілеі: 170-годзьдзе з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага і 105-ыя ўгодкі з дня народзінаў Натальлі Арсеньневай.

Кастусь Каліноўскі, імем якога названа адна з вуліцаў беларускай сталіцы, вядомы, канешне, не сваімі вершамі, а як кіраўнік паўстаньня 1863 году. Але разам з тым ягоныя маніфэсты выкарыстоўвалі шмат якія музыкі ў сваіх песьнях. Як, напрыклад, Сяржук Сокалаў-Воюш, гурт «Чырвоным па Белым» ды іншыя. Ёсць вельмі шмат песень проста прысьвечаных гэтай Асобе зь вялікай літары («P.L.A.N.», Андрэй Хадановіч, Андрэй Мельнікаў). Таму мы заклікаем музыкаў прапаноўваць нам свае творы.

Натальля Арсеньева, знаная паэтка, асабліва вядомая як аўтарка гімну «Магутны Божа», выконванага артыстамі ад акадэмічнага да поп-жанру. Ёсць нават адмсысловы фэстываль з такой назвай. Але і ўся ейная паэзія, думаю, не пакіне нікога абыякавым. Дый нямала песень на ейныя вершы шырока вядомыя ў выкананьні Аляксандра Памідорава («У гушчарах»), Данчыка («Толькі ўчора», «Хатка па-над рэчкаю», «Белавежская пушча»), гурта «Сузор'е» («Панна Марыя»). Штуршком да падрыхтоўкі гэтага дыску сталі для мяне публічныя выказваньні некаторых чыноўнікаў, напрыклад Чаргінца, паводле якога «група людзей, што негатыўна ставяцца да дзяржавы і ўлады, прапанавала ўнесьці ў пералік сацыяльна значнай літаратуры 6-ці ці 8-мі томнік Ларысы Ґеніюш, фашысцкага прыхвастня Арсеньневу і сямітомнік Законьнікава, у якога й двух тамоў не набярэцца». Таму ставім задачай праз нашыя дыскі раскрыць краіне талент і чысьціню помыслаў названых Асобаў, каб кожны самастойна мог зрабіць свае высновы.

Што датычыць CD гурта МРОЯ «28-ая зорка», дык варта адзначыць: ён стане першым рок-дыскам у названай сэрыі, куды надалей заплянаваны таксама архіўныя складанкі «Бонды», «Мясцовага часу».

– Дадзеная плыта «Мроі», што была выдадзеная яшчэ за савецкімі часамі на маскоўскай фірме «Мелодия», асабіста для мяне вельмі знакавая. Той LP быў першым экспанатам маёй прыватнай калекцыі. Многія гіты адтуль актуальныя й сёньня: «Я рок-музыкант», «Шмат» ды іншыя, якія выдаваліся і ў новых вэрсыях сучасных гуртоў, – адзначае Віталь Супрановіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства