viasna on patreon

Пікеты для апазыцыянэркі забароненыя

2008 2008-09-19T12:44:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кандыдатка ў дэпутаты Парлямэнту Тацяна Севярынец двойчы зьвярталася ў Віцебскі гарвыканкам па дазвол на агітацыйныя пікеты. Безвынікова.

Абодва разы вядомай актывістцы адмоўлена з адной і той самай прычыны: нібыта яна, настаўніца расейскай мовы і літаратуры на пэнсіі, ня ўмее складаць заявы.

– Атрымаўшы першы раз адмову за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму па ідэалягічнай працы  Паўла Лосіча, я была вельмі зьдзіўленая, – распавядае спадарыня Тацяна. – Ён напісаў, што я парушаю законы аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Прычым у адказе чыноўніка пазначаныя толькі шматзначныя, ці не на ўвесь радок, нумары артыкулаў і пастановаў, якія я мусіла ўлічваць,складаючы заяву. Але не было ніякіх тлумачэньняў таго, што я напісала ня так. Таму вырашыла пайсьці да Паўла Лосіча на прыём і папрасіць, каб ён асабіста дапамог мне скласьці заяўку, раз ужо я такая "непісьменная".

Аднак напісаць "дыктоўку" пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні гарвыканкаму Тацяне Севярынец не ўдалося: чыноўнік паклікаў сваю памочніцу, якая параіла кандыдатцы пайсьці дахаты і там "усё яшчэ раз абдумаць".  Тым ня менш апазыцыянэрка настояла на сваім, і зьмест заявы ёй прадыктавалі.

Пікеты, якія Тацяна Севярынец спрабавала замовіць, мусілі адбыцца цягам апошняга перадвыбарчага тыдня. Але і з другое спробы гэта зрабіць не атрымалася. У чарговым адказе з гарвыканкаму за подпісам таго самага П.Лосіча было зноў напісана, што заява складзена неадпаведна. Прычым дату "28 верасьня" чыноўнік чамусьці не разабраў, і "перанёс" выбары на тыдзень раней. У выніку ў адмове зьявілася фармулёўка, што "правядзеньне выбараў 22-га верасьня  не адпавядае рэчаіснасьці".

Трэці раз перапісваць заяву спадарыня Тацяна ўжо ня стала. Паводле яе меркаваньня, адмовы дасылалі зусім не таму, што нехта пераблытаў дату, і не таму, што яна нешта неяк няправільна аформіла заяўку. На думку Тацяны Севярынец, ва ўсім вінаватая "мэты" заяўленага пікету: заклік да няўдзелу ў выбарах, у справядлівасьці якіх ёсьць усе падставы сумнявацца. Прынамсі, вынік галасаваньня па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17, дзе балятуецца апазыцыянэрка, ёю ўжо прадказаны: зь вялікай перавагай галасоў пераможа ейны праўладны канкурэнт, старшыня Віцебскага гарсавету Генадзь Грыцкевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства