Міліцыя цікавіцца публікацыямі ў "Народнай волі"
27 траўня ў рэдакцыю газеты "Народная воля" прыходзіў старшы інспектар аддзелу масавых мерапрыемстваў ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Севец, каб правесці размову з журналістамі гэтага выдання Марынай Коктыш і Віталем Гарбузавым. Інспектар высвятляў падрабязнасці з'яўлення ў нумары газеты за 19-га студзеня г.г. артыкулаў пра рух "Абаронцы айчыны".
Гаворка ідзе пра публікацыю "Прэтэндэнты на сілавое поле", падрыхтаваную В. Гарбузавым пасля прэзентацыі руху "Абаронцы айчыны", і інтэрв'ю, якое ўзяла ў лідэра ініцыятывы Алега Волчака Марына Коктыш. Спачатку інспектар спрабаваў выклікаць журналістаў для размовы ў ГУУС, але пасля таго, як яны адмовіліся ісці без афіцыйнай павесткі, наведаў рэдакцыю сам.
Як паведаміла прэс-службе БАЖ Марына Коктыш, С. Севец цікавіўся падрабязнасцямі прэзентацыі руху "Абаронцы айчыны"; пытаўся, хто абвесціў А. Волчака лідэрам ініцыятывы; высвятляў, адкуль з'явілася інфармацыя, што да руху далучыліся былыя супрацоўнікі пракуратуры і КДБ і г.д.
У размове інспектар зазначыў, што рух "Абаронцы айчыны" - незарэгістраваны, і таму газета нібыта не мае права пісаць пра яго. Аднак сказаць дакладна, якім заканадаўчым актам прадпісваецца рэгістраваць "рух" альбо "ініцыятыву", С. Севец не змог.
Нагадаем, што за апублікаванне 31 сакавіка г.г. "Звароту да воінаў-інтэрнацыяналістаў" лідэра руху "Абаронцы Айчыны" А. Волчака Міністэрства інфармацыі ў красавіку вынесла "Народнай волі" папярэджанне, палічыўшы гэта распаўсюдам інфармацыі ад імя незарэгістраванага аб'яднання.
Служба маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"