Газета “Бабруйскае жыццё” занялася “антыпіярам”
Гарвыканскамаўская газета “Бабруйскае жыццё” працягвае “анціпіар” у бок незалежных кандыдатаў. Пасля публікацыі з “абмываннем костак” Аляксандра Чыгіра за подпісам таго ж Ал. Паліндрома з’явіўся яшчэ адзін артыкул. Матэрыял пад рубрыкай “Выбары-2008” і назвай “На ровном месте создаст ухабы” распавядае пра кандыдата ў дэпутаты па Бабруйскай-Ленінскай акрузе № 78 Уладзімера Сямашку, фермера і сябра АГП.
Ал. Паліндром папрацаваў у сваім звычайным стылі, з іроніяй называючы Сямашку “аграрий из Ивановки”, “инженер-механик с экономическим уклоном”, “радетель судеб народных” і гэтак далей. Галоўнай нагодай для крытыкі аўтар абраў выступ Уладзімера Сямашкі па ТБ (за які яму ўжо вынеслі папярэджанне), дзе кандыдат адзначыў, што “па падліку эканамістаў гарвыканкама, на абслугоўванне Лядовага палаца патрабуецца ў год тры гадавых бюджэта горада Бабруйска”. А таксама ўзгадваецца інцыдэнт, калі Сямашку не далі слова на сустрэчы з выбаршчыкамі праўладнай прэтэндэнткі Алены Шамаль.
Акрамя гэтага, у газеце размясцілі фота з сустрэчы Уладзіміра Сямашкі з выбаршчыкамі, на якой прысутнічаў Аляксандр Мілінкевіч. Подпіс пад фота цалкам пасуе да артыкула: “Самыя моцныя саюзнікі мае ідуць на выбары…” – вось галоўнае адкрыццё сп. Мілінкевіча, прыбыўшага пазаўчора падтрымаць сп. Сямашку на сустрэчы з пятнаццацю выбаршчыкамі”.
Дарэчы, як стала вядома бабруйскім праваабаронцам, матэрыялы за подпісам “Ал. Паліндром” пішуцца не ў Бабруйску, а прыходзяць ў газету “Бабруйскае жыццё” з Магілёва.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”