viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Зьяўляецца дадатковая верагоднасьць крымінальнага перасьледу іншадумцаў

2008 2008-09-17T18:13:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч каментуе шэраг зваротаў Гарадзенскага абласнога камітэту дзяржбясьпекі ў суд з мэтай прызнаньня канфіскаваных друкаваных выданьняў экстрэмісцкімі:

"Зараз мы назіраем беспрэцэндэнтныя працэсы, калі абласны камітэт дзяржаўнай бясьпекі зьвяртаецца ў суд у межах Грамадзянска-Працэсуальнага Кодэксу, каб прызнаць юрыдычны факт распаўсюду некаторых друкаваных выданьняў і называе іх экстрэмісцкімі. Сярод гэтых выданьняў фігуруе “Агляд” Праваабарончага цэнтру “Вясна” за 2004 год, у якім паводле камітэту зьмешчаныя фотаматэрыялы з дэманстрацыяў антыбеларускага характару: Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях, Дзяды і іншыя. КДБ таксама лічыць, што ў аглядзе ўтрымліваюцца заклікі да за зьвяржэньня ўлады неканстытуцыйным шляхам.

Між тым, у 2004 годзе, калі разглядаўся законапраект “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму” мы перасьцерагалі беларускае грамадзтва аб магчымым выкарыстаньні палажэньняў гэтага закону супраць палітычнай апазіцыі і іншадумцаў. І вось зараз, у Гародні, мы якраз і назіраем такі выпадак, калі любая крытыка, у тым ліку і надрукаваньне пэўных праваабарончых матэрыялаў, маніторынгаў, расцэньваецца як экстрэмісцкае і ў іх ( хаця цалкам не зразумела, якім чынам) знаходзяць заклікі да антыканстытуцыйнай зьмены дзяржаўнага ладу.

Гэта вельмі небясьпечная тэндэнцыя на нашую думку, бо хоць сам закон і не ўтрымлівае нейкіх канкрэтных санкцыяў і хутчэй носіць рамачны характар, але з гэтага лагічна вынікае, што, калі матэрыялы (у дадзеным выпадку “Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека”) будуць прызнаныя экстрэмісцкімі выданьнямі з наяўнасьцю заклікаў да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, то, адпаведна, узьнікае пытаньне адносна тых асобаў, якія яго рыхтавалі.

У нас існуе крымінальны артыкул “Заклікі да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу”, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за падобныя дзеяньні. Такім чынам, зьяўляецца дадатковая верагоднасьць крымінальнага перасьледу іншадумцаў з боку ўладаў, і нам трэба зараз зрабіць ўсё магчымае, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтых судовых справаў. Тым больш, што ўсё гэта адбываецца ў выбарчы перыяд, і варта не дапусьціць праяваў падобнага перасьледу".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства