У Полацку адмовілі ў правядзенні пікету за байкот выбараў
Полацкія ўлады адмовілі сябрам незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” у правядзенні пікета за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў.
У адмове, падпісанай намеснікам старшыні Полацкага гарвыканкама М.Ільюшонкам, сцвярджаецца, што якраз у вызначаны пікетоўшчыкамі час у кінатэатры “Радзіма”, побач з якім меўся адбыцца пікет, “у межах правядзення планавых гарадскіх мерапрыемстваў… будзе дэманстравацца дзіцячы кінасеанс з удзелам вялікай колькасці вучняў навучальных устаноў горада” і ў сувязі з гэтым правядзенне пікета “можа ўскладніць грамадскую бяспеку на плошчы перад кінатэатрам”. Дарэчы, у школах горада не маюць у наяўнасці названага плана гарадскіх мерапрыемстваў і пакуль не чулі пра меркаваны дзіцячы кінасеанс.
Заяўнікі падалі скаргі на рашэнне Полацкага гарвыканкама ў Цэнтрвыбаркам, Полацкі гарадскі і раённы суд, полацкую пракуратуру і акруговую выбарчую камісію.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”