Беларусь падвойная
У нас, беларусаў, як ні дзіўна, часта ўсяго па два: дзьве назвы саміх беларусаў, нашай сталіцы і некаторых іншых гарадоў, два прэзыдэнты, гербы, два сьцягі, дзьвюхмоўе зноў жа, дзьве дзяржаўныя карацей, два правапісы, дзьве назвы краіны, і кожная зь іх паасобку падвойная, нават у афіцыйным гімне два тэксты, у Скарыны два імені, дзьве асноўныя канфэсіі, два БНФы, кампартыі, два прафсаюзы — свабодны і несвабодны, ці залежны і незалежны, як каму падабаецца, нават два саюзы палякаў. Два саюзы пісьменьнікаў нарэшце!
Можна працягваць далей. Два нацыянальныя напоі: зуброўка і «Белавеская» — і два асноўныя шляхі: Бэрлін?Масква і з варагаў у грэкі. Арол і Пагоня на сьцягу калісьці, кіраваў у адной асобе кароль і вялікі князь. А два падземныя расейскія вайсковыя аб’екты?! Два «Боінгі», прынамсі напачатку былі: для нас — «бэ?у» і новы — вядома для каго. Два аэрапорты былі нядаўна сталічныя. Дзьве «парлямэнцкія» палаты. «Аліварыя» і «Крыніца», «Баброў» і «Сябар», «Камунарка» і «Спартак». Два фэтышы, ясна — чарка і скварка. Два кавалкі Беларусі існавалі раней. Літаратура: Янка і Якуб, як у немцаў помнік падвойны — Гётэ і Шылер. У нас дзьве ўлады — у левай руцэ і ў правай. Мы — краіна падвойных стандартаў. Нават не краіна асобная, а саюз дзьвюх, нават сьвята ёсьць з гэтай нагоды. Не кажу пра тое, што маем дзьве рукі і нагі. Папросту краіна дзьвюхгаловага арла, нібы Чарнагорыя.
Можна не спыняцца. Краіна?Маці мае два твары. Першы, лёкайскі, халуйскі, глядзіць у бок узыходу сонца. Другі, хамскі, скажоны, само сабой, зьвернуты да тых, хто атрымлівае сонца, а таксама газ?нафту пасьля нас. Ці мае яна трэцюю, нармальную маску? Не магу нават адразу адказаць. Хіба што на карцінах патрыятычных мастакоў. У жыцьці няма ў яе такога твару, людзкага, годнага, разумнага. Яна зьвягліва вучыць: хочаш жыць, умей вярцецца! Яна безапэляцыйна фармулюе: толькі два языкі ёсьць парадачныя — самаварскі першы і грынвіцкі другі. Хай сама ня ведае ніводнага, галоўнае мара! І спрыт, само сабой. Без яго, ясна, на двух крэслах не ўтрымаешся адразу.
Карацей, краіна нашая — якійсьці чамадан з падвойным дном, а ў ім — ці кантрабанда, ці падробныя грошы, ці самаробная гарэлка. Альбо, быць можа, бальшавіцкія ўлёткі, сьпісы расстраляных антысаветчыкаў, пакт Молатава?Рыбэнтропа, пачкі савецкіх рублёў зь Леніным, якія даўно безнадзейна страцілі вартасьць, але якія шкада перарабіць у туалетную паперу, ад якіх яшчэ падвойная ўлада чакае цуду.
Сяргей Астравец