viasna on patreon

«Міжнародная амністыя» рэзка крытыкуе Беларусь

2005 2005-05-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” (Amnesty Inernational) абнародавала штогадовую справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце. У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца, што “няма прагрэсу ў расьсьледаваньні чатырох справаў зьніклых, працягваюцца сьмяротныя прысуды і пакараньні, працягваецца падаўленьне свабоды выказваньня і права на аб’яднаньні, да апазыцыйных актывістаў ужываюцца адвольныя затрыманьні і кепскае абыходжаньне з боку міліцыі, працягваецца ціск на недзяржаўныя арганізацыі і іх ліквідацыя”.

Беларускі разьдзел справаздачы “Міжнароднай амністыі” пачынаецца са згадкі, што ў студзені летась Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) адмовіла Беларусі ў аднаўленьні статусу адмыслова запрошанай краіны ў Радзе Эўропы. У красавіку 2004 года камісія ААН у правох чалавека заснавала пасаду адмысловага дакладчыка ААН па Беларусі. У сьнежні гэтаму міжнароднаму прадстаўніку беларускія ўлады не далі візы для ўезду ў краіну.

“Міжнародная амністыя” нагадвае таксама, што паводле назіральнікаў АБСЭ леташнія парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум у Беларусі былі далёкімі ад стандартаў гэтай арганізацыі.

“Міжнародная амністыя” адзначае леташні зварот Канстытуцыйнага суду Беларусі да кіраўніка дзяржавы і парлямэнта з прапановай скасаваць сьмяротнае пакараньне ці хаця увесьці мараторый на яго. Аднак у справаздачы адзначаецца, што у 2004 годзе ў Беларусі было вынесена і выканана прынамсі пяць сьмяротных прысудаў.

У дакумэнце прыгадваецца, што ў сакавіку 2004 пракуратура спыніла расьсьледаваньне справы зьніклага тэлежурналіста Дзьмітрыя Завадзкага. (Сёлета справа была адноўленая.)

“Міжнародная амністыя” адзначае красавіцкае рашэньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), якая заклікала правесьці незалежнае расьсьледаваньне справаў зьніклых беларускіх грамадзкіх дзеячаў, і тым ліку дасьледаваць меркаваную датычнасьць да гэтых злачынстваў прадстаўнікоў беларускай улады.

Асобны падразьдзел справаздачы “Міжнароднай амністыі” прысьвечаны справе Беларускага Хэльсынскага камітэту, які быў абвінавачваны ў няўплаце падаткаў з гранту Эўразьвязу. Пералічваюцца ўсе этапы юрыдычнага разьбіральніцтва, якія давялося прайсьці БГК, адзначаецца, што толькі напрыканцы 2004 году зь яго былі цалкам зьнятыя ўсе абвінавачваньні.

(Дададзім, што, як высьветлілася, не цалкам, як мы перадавалі ўжо сёлета падатковая інспэкцыя ізноў распачала справу супраць БХК па ўсё тым жа абвінавачваньні.)

У падразьдзеле “Свабода выказаваньня” “Міжнародная амністыя” засяроджвае ўвагу на трох гучных справах: прысудзе лідарам прадпрымальнікаў, сябрам “Свабоднай Беларусі” Валеру Леванеўскаму і Аляксандру Васільеву, справе былога міністра і адваката Міхаіла Марыніча, з падрабязным апісаньнем яе этапаў, а таксама брутальнаму разгону кастрычніцкіх маніфэстацыяў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Пры апісаньні апошняга сюжэту прыгадваецца зьбіцьцё ўдзельнікаў акцыі, прынамсі лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, гаворыцца, што 40 чалавек за ўдзел у гэтых акцыях былі аштрафаваныя ці асуджаныя да адміністрацыйнага арышту.

У падразьдзеле справаздачы “Міжнароднай амністыі” “Вязьні сумленьня з вялікім тэрмінам зьняволеньня” апавядаецца пра лёс прафэсара Юрыя Бандажэўскага, летась суд накіраваў яго на пасяленьне пасьля адбыцьця паловы тэрміну васьмігадовага зьняволеньня, паведамляе «Радыё Свабода».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства