viasna on patreon

СУД АБАВЯЗАЎ БЕЛТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІЮ ПРЫНЕСЬЦІ ПРАБАЧЭНЬНІ ХРЫСЬЦІЯНАМ ВЕРЫ ЭВАНГЕЛЬСКАЙ

2003 2003-01-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Канец 2002 году прынёс посьпех шматмесяцовым намаганьням эвангельскіх
хрысьціянаў Беларусі ў абароне сваіх правоў.

24 сьнежня ў Першамайскім судзе сталіцы разглядаўся зыск Саюзу Хрысьціянаў
Веры Эвангельскай й грамады ХВЭ г. Старыя Дарогі да Белтэлерадыёкампаніі і
аўтара праграмы “Правы чалавека. Погляд на сьвет” Яўгена Новікава, аб
абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі. Рэч у тым, што 9 і 16
красавіка 2001 г. у тэлеэтэр выходзілі перадачы ў якіх аўтар зьвінавачваў
хрысьціянаў-пяцідзясятнікаў у тым, што яны прынесьлі ў ахвяру чалавека.
Судзьдзя Зайцава вынесла рашэньне, якім пастанаўляецца прызнаць не
адпаведнымі рэчаіснасьці і ганьбячымі дзелавую рэпутацыю зьвесткі аб
“акультнасьці пяцідзясятніцкіх абрадаў” і абвінавачаньне ў “прынясеньні ў
ахвяру чалавека, у чалавеканянавісьніцтве, ізуверскай практыцы, імкненьне да
разбурэньня дзяржавы”. Рашэньне ўступіла ў сілу 4 студзеня 2003 году. Пасьля
ўступленьня рашэньня ў сілу, Белтэлерадыёкампанія абавязана на працягу 10
дзён агалосіць гэтае рашэньне ў адной са сваіх інфармацыйна-палітычных
праграмаў.
Юрыст Дзіна Шаўцова (т 8-029-617-77-31), якая ажыцьцяўляла інтарэсы ісца
лічыць, што: “Суд не задаволіў, безумоўна, усіх патрабаваньняў, але гэта ўсё
ж сур’ёзная перамога ў сёньняшняй сытуацыі, калі журналісты афіцыйных СМІ
могуць абсалютна беспакарана распаўсюджваць паклёпніцкія зьвесткі.
Уступленьне рашэньня ў законную сілу дапаможа нам у далейшай практыцы, а
таксама, веру, будзе добрай прэвэнтыўнай мерай, супраць працягу парушэньня
заканадаўства. Таксама радуе факт, што ёсьць судзьдзі, якія здольныя прымаць
законныя рашэньні. Усе гэтыя факты спрыяюць захаваньню рэлігійнага міру ў
Беларусі, якая гістарычна славіцца традыцыямі талерантнасьці.”

26 сьнежня Менскі гарадзкі суд задаволіў прыватную скаргу Саюзу ХВЭ на
рашэньне суду Савецкага раёну Менску, аб адмове ва ўзбуджэньні справы па
факце распаўсюджваньня зьвестак аб хрысьціянах пяцідзясятніках, якія не
адпавядаюць рэчаіснасьці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю Саюзу ХВЭ.
У адпаведнасьці з гэтай пастановай суд Савецкага раёну мусіць па сутнасьці
разглядаць зыск Саюзу ХВЭ аб абароне дзелавой рэпутацыі. Нагадаем, што 6
верасьня 2002 году суд Савецкага раёну г.Менска адмовіў ва ўзбуджэньні
справы на зыск Саюзу Хрысьціянаў Веры Эвангельскай да рэдакцыі «Народнай
газеты», рэдакцыі газэты «Навіны Старадарожчыны» і журналісткі Ніны Яновіч
аб абароне дзелавой рэпутацыі на падставе таго, што распаўсюджаныя гэтымі
выданьнямі зьвесткі маюць «навуковы характар».
Першая зыскавая заява з боку эвангельскіх цэркваў да Ніны Яновіч была
пададзеная ў 2000 годзе. Тады некалькі менскіх эвангельскіх цэркваў падалі ў
суд на гэтага аўтара за паклёп у адказ на публікацыю ў «Народнай газеце»
артыкулу «Беларуси угрожает перспектива превратиться в протестантскую
республику, или Нас настойчиво толкают к предательству веры наших предков»
(19-20 красавіка 2000 году). І тады справу разглядаў той жа судзьдзя, і быў
атрыманы такі ж адказ – адмова ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы,
матываваная тым, што матэрыялы, выкладзеныя ў артыкуле, зьяўляюцца
зьвесткамі “навуковага” характару.

Інфармацыйны цэнтар “Свабода сумленьня”
Кантакты: 276 07 54; e-mail: infarmacyja@hotmail.com

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства