Наваградак: Суд над Юрыем Істоміным адкладзены ці адменены?
Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП атрымаў афіцыйны адказ з Наваградскага суду за подпісам старшыні раённага суду Васіля Аляхновіча. У ім Істоміна інфармуюць пра тое, што на падставе пастановы ад 1 верасня 2008 году справа пра адміністратыўнае правапарушэнне ў дачыненні да яго вернутая пракурору Наваградскага раёну “для устранения недостатков”. У сувязі з гэтым суддзя адмяніў выклік Юрыя Істоміна і сведкаў ў Наваградак на суд, які меўся адбыцца 9 верасня.
Нагадаем, што Юрый Істомін разам з групай аднапартыйцаў быў затрыманы ў Наваградку у апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты, у выніку чаго палітык не меў фізічнай магчымасці зарэгістраваць і здаць падпісныя лісты ў акруговую камісію. Пазней супраць Юрыя Істоміна быў складзены пратакол за нібыта адміністратыўнае правапарушэнне – датэрміновую перадвыбарчую агітацыю.
“Правабаронцы за свабодныя выбары”