Менск: Кандыдатаў “зрэзалі” з-за бязладнай “нарэзкі” акругаў
Парушэнні выбарчага заканадаўства вылучанымі ў кандыдаты асобамі падчас збору подпісаў па Менску - вынік адмысловай нарэзкі выбарчых акругаў, якой займалася Цэнтральная камісія. Да такой высновы прыйшла Галіна Сямдзянава, якая ў якасці сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу прысутнічала 3-4 верасня пры разглядзе скаргаў незарэгістраваных кандыдатамі прэтэндэнтаў.
Па словах Галіны Георгіеўны, адразу было цяжка зразумець, чаму ў большасці выпадкаў, якія абскарджваліся на паседжанні ЦВК, атрымалася так, што ў адным падпісным лісце былі сабраныя подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі розных раёнаў Менску, або падпісныя лісты завераныя адміністрацыяй не таго раёна, на тэрыторыі якога збіраліся подпісы. Але пасля разгляду скаргі С.М. Казлоўскага, які меў намер балатавацца па Васняцоўскай выбарчай акрузе №93, уся "кухня" стала зразумелай.
Сп. Казлоўскаму было адмоўлена ў рэгістрацыі, паколькі акруговая камісія прызнала несапраўднымі 100% (!) ад правераных подпісаў, сабраных у яго падтрымку. Прычына - подпісы гэтыя былі сабраныя на тэрыторыі Ленінскага раёна, а завераныя ў Заводскім. Як магло атрымацца, што з прадастаўленых на першую праверку 200 подпісаў – усе несапраўдныя, з прадастаўленых на другую праверку 150 подпісаў – ізноў усе несапраўдныя?
Васняцоўская выбарчая акруга знаходзіцца на тэрыторыі двух сталічных раёнаў: асноўная частка - у Заводскім раёне і невялікая частка – у Ленінскім. Таму ўзнікла пытанне, дзе завяраць лісты з подпісамі, сабранымі ад жыхароў мікрараёна "Серабранка". Як паведаміў сп. Казлоўскі ў сваёй скарзе, ён і сябры ягонай ініцыятыўнай групы ад прадстаўнікоў адміністрацыі Ленінскага раёна атрымалі наступнае тлумачэнне. Завяраць подпісы па Васняцоўскай выбарчай акрузе № 93 (Заводскі раён) трэба па месцы знаходжання акруговай выбарчай камісіі, то бок у Адміністрацыі Заводскага раёна. А на пытанне "ці можна ў вас заверыць падпісныя лісты з подпісамі, сабранымі на тэрыторыі мікрараёна "Серабранка" па 93-яй акрузе?" ад намеснікаў кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна былі атрыманыя станоўчыя адказы. Такім чынам, сп. Казлоўскі і сябры ягонай ініцыятыўнай групы атрымалі інфармацыю наконт месца завярэння подпісаў, якая не адпавядала патрабаванням Выбарчага кодэксу.
"Каб выйсці на 100% несапраўдных подпісаў, акруговай камісіі трэба было адабраць для праверкі толькі тыя падпісныя лісты, на якіх знаходзіліся подпісы людзей, што жывуць у Серабранцы. Бо пераважная частка подпісаў у падтрымку Казлоўскага С.М. збіралася на тэрыторыі Заводскага раёна. На невялікай частцы тэрыторыі Ленінскага раёна было сабрана толькі каля 7 – 10 % . Таму пры аб'ектыўным адборы ў акруговай камісіі ніяк не магло атрымацца 100% несапраўдных подпісаў", - тлумачыць Галіна Сямдзянава.
Па ўсім відаць, што гэтая схема спрацавала не адзін раз. Проста камісія Васняцоўскай акругі дзейнічала неасцярожна, замахнуўшыся адразу "на ўсе сто", чым сябе і выдала. У Менску тры выбарчыя акругі, якія знаходзяцца на тэрыторыі двух сумежных раёнаў. Гэта ўжо адзначаная 93-яя Васняцоўская: асноўная яе частка знаходзіцца ў Заводскім раёне і невялікая – у Ленінскім. 104-я Кальварыйская: асноўная частка - у Фрунзенскім раёне, невялікая – у Цэнтральным, 107-я Усходняя: асноўная частка – у Савецкім раёне, невялікая – у Першамайскім. І менавіта з гэтых трох акругаў было "адсеена" больш за ўсё "непатрэбных" прэтэндэнтаў – з адзінага спісу АДС, "еўрапейцаў", незалежных кандыдатаў.
На гэтых акругах адпрацоўваўся яшчэ адзін варыянт парушэння, які стаў магчымы, паколькі паміж адзначанымі парамі сумежных раёнаў няма яўнай мяжы. Дамы, якія належаць да розных раёнаў, стаяць побач у адным двары. Калі сябры ініцыятыўных групаў збіралі подпісы, то ў пашпартах выбаршчыкаў яны звычайна звярталі ўвагу толькі на адрасы. Раён, да якога адносіцца дом, правяралі толькі дасведчаныя людзі, якія ведалі, што такая сітуацыя можа мець месца. У выніку атрымалася, што на адным падпісным лісце апынуліся подпісы ад выбаршчыкаў з розных раёнаў горада. І гэта ёсць парушэнне закона.
З чыёй рукі на самой справе адбыліся выяўленыя парушэнні?
Фармальна сітуацыя выглядае так, што ва ўсім вінаватыя зборшчыкі подпісаў. Канешне, іх можна абвінаваціць у няведанні палажэнняў Выбарчага кодэксу. Але разам з тым атрымалася, што кіраўнікі раённых адміністрацыяў, якія павінны ведаць заканадаўства, схлусілі тым, хто яго не ведае, калі накіроўвалі завяраць подпісы ў адміністрацыі іншых раёнаў. Ці яны таксама не ведаюць законаў?
"Дамаўляліся адміністрацыі сумежных раёнаў паміж сабой ці не – невядома. На паседжанні былі сведчанні незарэгістраваных кандыдатаў аб тым, што намеснік кіраўніка адміністрацыі аднаго раёна тэлефанаваў некаму, а пасля накіроўваў завяраць подпісы ў адміністрацыю іншага раёна. Паколькі ўсё ж мы не ведаем, каму тэлефанавалі, то і не можам сказаць, што кіраўніцтва гэтых раёнаў працавала ў пары. Сцвярджаць можна толькі тое, што прадстаўнікі трох адміністрацыяў - Ленінскага, Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў – недобрасумленна паставіліся да сваіх абавязкаў, бо давалі непраўдзівую інфармацыю, - адзначае Галіна Георгіеўна. – Але распачала гэтую справу Цэнтральная камісія, якая займалася нарэзкай акругаў. Усё рабілася дзеля таго, каб заблытаць людзей, якія будуць збіраць подпісы".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”