Віцебск: За заклік не галасаваць датэрмінова кандыдату адключылі гук
5 верасня з 18 гадзін да 18 гадзін 15 хвілін па Віцебскім абласным тэлебачанні на тэлеканале "ЛАД" трансляваліся выступы кандыдатаў у дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19.
Перадвыбарчы тэлевыступ стаўленіка ўлад Сяргея Сямашкі прагучаў без праблем. Другім выступаў кандыдат Андрэй Левінаў. Падчас яго выступу "раптам"… знік гук. У выпадковасць дадзенага перадвыбарчага НП неяк не верыцца. Тым больш, што выступ наступнага кандыдата па дадзенай выбарчай акрузе Ігара Каныгіна прайшоў без праблем з гукам.
Якія ж словы былога капітана міліцыі Левінава не прайшлі ў эфір? Адказ просты: гук знік у той момант, калі кандыдат звярнуўся да выбаршчыкаў з просьбай не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні. Кандыдат заклікаў: "Запрашаю Вас у нядзелю 28 верасня 2008 года прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прыняць удзел у абранні Вашага прадстаўніка ў заканадаўчы орган нашай дзяржавы -- Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пераканаўча прашу не галасаваць датэрмінова. Працэдура датэрміновага галасавання не забяспечвае прынцыпу галоснасці: на працягу ўсіх пяці дзён датэрміновага галасавання ўрна з бюлетэнямі 17 гадзін кожныя суткі не падкантрольная сябрам участковай выбарчай камісіі, назіральнікам, сродкам масавай інфармацыі".
Варта адзначыць, што гэта не першая праблема, з якой сутыкнуліся кандыдаты ў дэпутаты падчас сваёй агітацыйнай дзейнасці ў Віцебску. У Таццяны Севярынец (Віцебская-Горкаўская выбарчая акруга № 17) паўсталі цяжкасці пры вырабе друкаваных агітацыйных матэрыялаў. Спачатку Віцебская абласная друкарня адмовілася друкаваць іх на "тарашкевіцы", затым паўсталі пытанні да самога зместу прадстаўленай улёткі.
Аляксей Гаўруцікаў (Віцебская-Чкалаўская выбарчая акруга № 18) аформіў усе неабходныя дакументы для вырабу агітацыйнай улёткі ў прыватнай друкарні. Але ... яе кіраўніцтва ў апошні момант адмовілася выконваць замову. Пры гэтым аналагічную замову кандыдата ад улады па гэтай жа акрузе Віктара Аўчыннікава друкарня прыняла да выканання.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"