viasna on patreon

Берасцейшчына: “Шматгранная” Ніна Федарук

2008 2008-09-05T13:49:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 жніўня на апошняй старонцы грамадска-палітычнай газеты Брэсцкай вобласці “Народная Трыбуна” з’явіўся артыкул “Смаката! Салата “Грыбная””, у якім тады яшчэ прэтэнт у кандыдаты па Мухавецкай выбарчай акрузе № 4 і адначасова дзеючы дэпутат Ніна Федарук распавяла чытачам, што яна “заўзятая гаспадыня” і любіць сям’ю, дом, кухню, любіць гатаваць… Тут жа яна прапануе чытачам свой рацэпт салаты “грыбной”, стравы, на яе думку лекара, здаровай, каларыйнай, сытнай і смачнай. 

У гэты ж дзень, 23 жніўня, на першай старонцы грамадска-палітычнай газеты Брэсцкага раёну “Зара над Бугам” у артыкуле “Важней няма клопату”, дзе распавядаецца пра адзіны дзень інфармавання на Прыбужжы, згадваецца размова Ніны Федарук з працоўным калектывам РУСП “СГЦ “Заходні” аб дасягненнях сучаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва… 

27 жніўня “Зара над Бугам” размясціла на першай старонцы артыкул “Табой любуюся і ганаруся” аб “Дажынках” у вёсцы Вістычы. Газета не забыла ўзгадаць, што ў свяце прымала ўдзел сярод іншых важных асобаў дэпутат Ніна Федарук. У гэтай жа газеце на трэцяй старонцы ў артыкуле “Такога поспеху яшчэ не было” Ніна Федарук выказвае сваё меркаванне адносна вынікаў беларусаў у Алімпійскіх гульнях у Кітаі. 

30 жніўня на першай старонцы “Зары над Бугам” артыкул “Усеагульнасць, даступнасць, якасць – асноўныя прынцыпы адукацыі” распавядае аб Брэсцкай раённай канферэнцыі, на якой выступіла Ніна Федарук. “Адукацыя ў нашай краіне з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. З гэтага году яна пераходзіць на новы ўзровень”, - сказала яна. 

Не засталася ў гэты ж дзень па-за ўвагай Ніна Федарук і для чытачоў грамадска-палітычнай газеты Жабінкаўскага раёну “Сельская праўда”, дзе на пятай старонцы быў апублікаваны артыкул “Ніхто не застаўся па-за ўвагай”. Аўтар артыкула ў “ружовым” святле распавядае пра прыём грамадзянаў дзеючым дэпутатам Нінай Федарук.

У той жа дзень, 30 жніўня, на другой старонцы грамадска-палітычная газета Маларыцкага раёну “Голас часу” апублікавала артыкул “Новыя пытанні – ў блакнот дэпутата”, дзе паведамлялася пра сустрэчу Ніны Федарук з жыхарамі вёскі Хаціслаў. 

3 верасня на першай і другой старонках “Зары над Бугам” у артыкуле “Першаклашка-першакласнік, у цябе сёння свята!” размова ідзе пра школьную лінейку ў вёсцы Тэльмы, дзе ганаровы госць Ніна Федарук распавяла, “як шмат увагі ў нашай краіне ўдзяляецца адукацыі…” 

Можна і далей прыводзіць прыклады “шматграннай” дзейнасці і вытрымак з публікацыяў пра Ніну Федарук (а фігуруе яна амаль у кожным нумары усіх выданняў мясцовай прэсы), а можна і звярнуцца да палажэнняў Выбарчага кодэксу, якія ўтрымліваюць патрабаванне адносна стварэння роўных умоваў для кандыдатаў. І што ж атрымліваецца? Аказваецца апанент спадарыні Федарук – сябра ПКБ Анатоль Новік мясцовай прэсай фактычна не згадваецца. Ужо зараз можна казаць аб катастрафічна непараўнальных магчымасцях кандыдатаў па Мухавецкай выбарчай акрузе № 4, куды ўваходзяць Брэсцкі, Жабінкаўскі і Маларыцкі раёны.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства